самаго́н, ‑у, м.
Тое, што і самагонка. [Тыталь] ведае Грэчку, не раз яшчэ заходзіў да яго ў хату, частаваўся самагонам. Мележ. Бела-сіні, надта горкі Лезе ў вочы, есць да слёз, Душыць горла дым махоркі, Самагон зрывае нос. Крапіва.
самагонаварэ́нне, ‑я, н.
Прыгатаванне самагону. Змагацца супраць самагонаварэння.
самагонакурэ́нне, ‑я, н.
Тое, што і самагонаварэнне.
самаго́начны, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які мае адносіны да самагонкі. Самагоначны пах. // Прызначаны для прыгатавання самагонкі. Самагоначны посуд.
самаго́нка, ‑і, ДМ ‑нцы, ж.
Самаробная гарэлка са злакаў, караняплодаў, садавіны. На стале, засланым святочным абрусам,.. стаялі талеркі са скрылькамі сала,.. дзве пляшкі самагонкі, закаркаваныя кавалкамі кіяха. Шамякін.
самаго́нны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да самагону. Самагонны чад. // Прызначаны для прыгатавання самагону. Самагонны апарат.
самаго́ншчык, ‑а, м.
Разм. Той, хто ўпотай займаецца вырабам або продажам самагону. Гэта быў яшчэ не стары, гадоў пад сорак, мужчына, вядомы ў Стрыжэвічах самагоншчык і злодзей. Краўчанка.
самаго́ншчыца, ‑ы, ж.
Разм. Жан. да самагоншчык.
самагра́й, ‑я, м.
У выразе: гуслі-самаграі (нар.-паэт.) — тое, што і гуслі. Звінеў наш сум па гуслях-самаграях. Колас.