Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

крэ́пасць 1, ‑і, ж.

Умацаваны пункт з пастаянным гарнізонам, узбраеннем і прыпасамі, прызначаны для кругавой абароны і доўгай барацьбы ва ўмовах асады. Марская крэпасць. Абаронцы Брэсцкай крэпасці. Узяць крэпасць. // Месца зняволення людзей, якім прад’яўляліся асабліва цяжкія абвінавачванні. Петрапаўлаўская крэпасць. □ Газету затрымлівалі, штрафавалі, канфіскавалі і, нарэшце, зусім забаранілі, а рэдактара засудзілі на год .. ў крэпасць. Колас.

крэ́пасць 2, ‑і, ж.

У выразе: купчая крэпасць — дакумент аб куплі і продажы нерухомай маёмасці ў дарэвалюцыйнай Расіі.

крэпдэшы́н, ‑у, м.

Густая і тонкая матавая шаўковая тканіна. Сукенка з крэпдэшыну.

[Ад фр. crêpe de Chine — кітайскі крэп.]

крэпдэшы́навы, ‑ая, ‑ае.

Зроблены, пашыты з крэпдэшыну. Крэпдэшынавая блузка. Крэпдэшынавы шалік.

крэ́пкі, ‑ая, ‑ае.

1. Дужы, моцны. Крэпкі арганізм. □ Дзве пары крэпкіх рук нясуць Панаса ляснымі нетрамі. Колас.

2. Цвёрды, крамяны. Сядзіць грыб на схіле, паміж хвойкай і бярэзінай, крэпкі, непаточаны. Лужанін.

крэ́пнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; незак.

Разм. Дранцвець, нямець ад холаду. Крэплі рукі — не бралі лейцаў — і шчыпала за вушы, як у мароз. Пташнікаў.

крэп-...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню слову «крэп», напрыклад: крэп-жаржэт, крэп-сацін, крэп-шыфон.

крэ́савы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крэсаў, знаходзіцца на крэсах. Крэсавыя сёлы і вёскі аж кішэлі паліцыянтамі, рознымі канфідэнтамі. Сабаленка.

крэ́сельны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да крэсла. Крэсельная абіўка.

крэ́сельца, ‑а, н.

Памянш.-ласк. да крэсла.

крэ́сіва, ‑а, н.

Кавалак сталі для высякання агню з крэменю. Казачэнка б’е крэсівам па крэмені, высякаючы іскру, раздзьмухвае. Навуменка.