Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

страла́, ы́; мн. стрэ́лы (з ліч. 2, 3, 4 стралы́), стрэл; ж.

1. Тонкі прут з завостраным канцом або вострым наканечнікам для стральбы з лука. Схапіў Янка лук і пусціў стралу ў .. [каршуна]. Якімовіч. Жыхары абараняюцца лукамі. Стрэлы свабодна праходзяць праз ствалы і голле .. дрэва. Матрунёнак. // звычайна мн. (стрэ́лы, стрэл); перан. З’едлівыя, калючыя словы ў чый‑н. адрас. Стрэлы крытыкі. // Простая, доўгая паласа чаго‑н. Нібы страла, [шаша] рассякала бязмежную раўніну стэпу. Востры канец гэтай даўжэзнай стралы канчаўся там, дзе шызае неба злівалася з жоўтай зямлёй. Шамякін.

2. Назвы розных вузкіх і доўгіх дэталей і частак у механізмах, прыладах. Страла станковага кулямёта. Страла вагі. // перан. Паэт. Пра тое, што падобна да стралы, напамінае стралу. Рвануў вецер, недзе далёка грымнуў гром, данесліся сюды яго раскаты, зазіхацелі стрэлы маланкі. Гурскі. Рассыпаючы сноп залатых стрэл, велічна выплывала сонца з-за краю зямлі над прасторамі зялёнага палескага мора. Колас.

3. Рухомая частка пад’ёмнага крана, а таксама спецыяльнае прыстасаванне для пад’ёму грузаў. Страла экскаватара. □ Горад жыў побач, звінеў трамваямі, размахваў стрэламі будаўнічых кранаў, тануў у рознагалоссі шуму і грукату. Ракітны. Націскаючы на рычаг, .. [Таня] накіроўвае стралу з грузам уверх, а пад крык «майна!» і штопар брыгадзіравага пальца ўніз — зніжае груз у патрэбнае месца. Гарбук.

4. Тое, што і стрэлка (у 2 знач.). На слупах вялізная карта на фанерных шчытках. Тлустыя сінія стрэлы прарэзалі яе ў розных напрамках. Лынькоў.

5. Тое, што і стрэлка (у 5 знач.). У Акілініным агародчыку прабіваліся ўжо чырвоныя стрэлы півоняў. Вітка. Здаецца, кінь у раллю зярняты, і яны тут жа, на вачах, выкінуць з сябе імклівыя стрэлы лісткоў. Шахавец.

6. у знач. прысл. страло́й (‑о́ю). Вельмі хутка. Коля стралой памчаўся на кухню, каб папярэдзіць дзяжурнага. Пальчэўскі.

7. у знач. прысл. страло́й (‑о́ю). Вельмі прама. Бяжыць чыгунка. Бор стары Яна стралой перасякае І крута гнецца ля гары, Нібы дуга якая. Калачынскі.

•••

Парфянская страла — меткі каварны ўдар, трапнае знішчальнае слова праціўніка (ад ваеннай хітрасці парфян — сімуляваць уцёкі і цераз плячо паражаць праціўніка з лука).

стралавы́, ‑ая, ‑ое.

1. Забяспечаны стралой (у 3 знач.). Стралавы кран.

2. у знач. наз. стралавы́, ‑ога, м. Рабочы, які кіруе стралой пад’ёмных механізмаў.

страле́ц, ‑льца, м.

1. Ваеннаслужачы асобага пастаяннага войска ў Рускай дзяржаве 16 — пачатку 18 стст.

2. Разм. Тое, што і стралок (у 1 знач.). Усе .. [палешукі] былі заўзятыя паляўнічыя, захопліваліся адным толькі выглядам стрэльбы і былі выдатнымі стральцамі. Колас.

страле́цкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стральца (у 1 знач.), належыць яму. Стралецкі бунт. // Які складаецца са стральцоў. Стралецкае войска.

стралкава́цца, ‑куецца; незак.

Пускаць парасткі; ісці ў стрэлкі. Рэпа, рэдзька пры позневеснавой і чэрвеньскай сяўбе ў сухое надвор’е вельмі хутка стралкуюцца. «Звязда».

стралко́вы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да стралка (у 2 знач.); складаецца з стралкоў. Стралковы полк.

2. Які мае адносіны да стральбы з агнястрэльнай зброі, звязаны са стральбой. Стралковы спорт. Стралковая падрыхтоўка. □ — Дзе ж ты [Майка] налаўчылася страляць так? — Ды ’шчэ ў стралковым гуртку ў камсамоле. Лынькоў.

страло́к, ‑лка, м.

1. Той, хто ўмее страляць, хто страляе. Сярод дваровай чэлядзі быў зухаваты хлопец Максім, майстра на ўсе рукі, надзвычай меткі стралок, і пан трымаў яго сваім паляўнічым. Машара. Калі ж бывае вольны дзень, Дзе там спачын такой натуры. Хлапцоў на стрэльбішча вядзе [Аляксей], — Першы стралок і фізкультурнік. Чарот.

2. Ваеннаслужачы пяхотнага войска, узброены агнястрэльнай зброяй. Пачаў .. [Іван Якаўлеў] службу салдатам-стралком. «Беларусь». Галоўны з .. [дыверсантаў] быў асаджаны куляй выдатнага стралка радавога Бандарэнкі. Брыль. // Баец, які вядзе стрэльбу з танка або самалёта. Стралок-радыст.

стральба́, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. страляць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. За мястэчкам стральба чутна была да самай раніцы. Чорны. // Вучэбныя, трэніровачныя заняткі, у час якіх страляюць па якіх‑н. цэлях. Гэты выпадак здарыўся, калі я быў ваенным лётчыкам. Мы займаліся тады стральбой па наземных цэлях. Хомчанка.

стральча́ты, ‑ая, ‑ае.

Які мае форму востравугольнай аркі. Гэта .. павінна было быць нешта накшталт ні то хорама, ні то палаца .. з вялізнымі стральчатымі вокнамі. Бядуля.

страляні́на, ‑ы, ж.

Дзеянне паводле дзеясл. страляць (у 1 знач.), а таксама гукі гэтага дзеяння. У пачатку трэцяй гадзіны з таго боку, куды пайшла група Сашы, пачулася аўтаматная страляніна, ды неўзабаве заціхла. Васілёнак. А страляніна разлягалася па лесе, шырылася, мацнела. Кулакоўскі. // Хаатычная частая стральба з многіх ружжаў, гармат і пад. Раніцай горад зноў закалаціўся ад выбухаў і страляніны. Якімовіч. З абодвух канцоў вёскі ўзнялася страляніна. Шарахоўскі. // перан. Разм. Бесперапыннае, вельмі хуткае гаварэнне. А .. [Мар’яна] без затрымкі пускала ў ход сваю страляніну: — Бо ці ж няпраўду я кажу? Я ж цэлыя атрады тваіх партызан карміла, даглядала і цябе [генерала] самога. Пестрак.