Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пі́ка ​1, ‑і, ж.

Зброя ў выглядзе дрэўка з вострым металічным наканечнікам. Ні разу ў жыцці Ваня не трымаў у руках ні вострай шашкі, ні пікі, нават у сядле ніколі не сядзеў. Новікаў.

пі́ка ​2,

гл. пікі.

пі́кавы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Непрыемны, складаны. Пікавае становішча.

пікадо́р, ‑а, м.

Коннік, удзельнік бою быкоў у Іспаніі, які ўколамі пікі прыводзіць у шаленства быкоў.

[Ісп. picador.]

пі́кала, нескл., н.

Назва самага маленькага і самага высокага па гучанню музычнага інструмента пэўнага віду (флейта, домра і г. д.).

[Ад іт. piccolo — малы, маленькі.]

піка́нтнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць пікантнага.

піка́нтны, ‑ая, ‑ае.

1. Востры на смак, рэзкі. Пікантны соус.

2. перан. Які сваёй незвычайнасцю выклікае цікавасць. — Цікава, цікава, — адразу загарэўся Леў Іванавіч, падкі на ўсякія нечаканыя і пікантныя здарэнні. Васілевіч. // Не зусім прыстойны. Наконт тытулавання па бацьку.. [Іван Мацвеевіч] зараз жа расказаў пікантны анекдот. Бядуля.

3. перан. Прывабны, спакуслівы. Пікантная жанчына. □ Другія ж кінатэатры відаць здалёку. Ля іх ззяюць неонавыя рэкламы, на якіх паказаны самыя пікантныя кадры з фільмаў. Філімонаў.

[Фр. piquant. — калючы.]

піка́п, ‑а, м.

Невялікі аўтамабіль, звычайна з адкрытым кузавам, прызначаным для перавозкі грузаў і пасажыраў.

[Англ. pick-up.]

пікападо́бны, ‑ая, ‑ае.

Падобны да пікі, востры. Пікападобныя горныя вяршыні.

пі́каць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм. Пішчаць адрывіста, коратка.

піке́ ​1, нескл., н.

1. Баваўняная або шаўковая тканіна палатнянага перапляцення з рубчыкам уздоўж асновы. Блузка з піке.

2. у знач. нязм. прым. Зроблены з такой тканіны; пікейны. Сукенка піке.

[Фр. piqué.]

піке́ ​2, нескл., н.

Амаль вертыкальнае зніжэнне самалёта на вялікай хуткасці; пікіраванне. Адзін з самалётаў нырнуў носам уніз.. Ён выйшаў з піке над самымі вяршынямі дрэў і з шалёным гудзеннем пранёсся над лесам. Лынькоў.

[Фр. piqué.]