Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пігмента́цыя, ‑і, ж.

Афарбоўка тканак жывых арганізмаў, абумоўленая наяўнасцю пігмента.

пігме́нтны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да пігменту; у складзе якога знаходзіцца пігмент. Пігментныя плямы.

піелі́т, ‑у, М ‑ліце, м.

Спец. Запаленне нырачных лаханак. Хранічны піеліт.

[Ад грэч. pýelos — лаханка.]

піжа́ма, ‑ы, ж.

Адзенне, якое складаецца са свабоднай курткі і штаноў і носіцца дома, у бальніцы і пад. Андрэй Давыдавіч быў апрануты па-дамашняму: у лёгкай піжаме, у мяккіх туфлях. Кулакоўскі.

[Англ. pyjamas.]

піжа́мны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да піжамы. Піжамная куртка.

пі́жма, ‑ы, ж.

Расліна сямейства складанакветных з моцным пахам, горкая на смак, якая выкарыстоўваецца ў медыцыне.

піжо́н, ‑а, м.

Разм. пагард. Пусты малады чалавек, празмерна заняты сваім знешнім выглядам і апрануты вельмі модна; франт. Ёсць сярод нас такі задзірысты піжон — Штаны ў дудачку, чубок з-пад шапкі, А за каўнер вазьмі — папусціць нюні ён, — Ні прынцыповасці, ні смеласці, ні хваткі, Гатоў, як Бобік той, лізаць адразу пяткі. Валасевіч. Пецька — піжон. Тыдзень есці не будзе, а бразготку ўпадабаную купіць. Мехаў.

[Ад фр. pigeon — голуб.]

піжо́ністы, ‑ая, ‑ае.

Разм. пагард. Падобны да піжона, які паводзіць сябе, як піжон. Славік засумаваў. Яму ўсё абрыдла: піжоністыя сябры, модныя дзяўчаткі,.. пласцінкі з мексіканскімі песнямі. Шамякін.

піжо́нства, ‑а, н.

Разм. пагард. Уласцівасці піжона; паводзіны піжона.

пік, ‑а, м.

1. Спічастая горная вяршыня. Хіба калі-небудзь Забуду я край, Дзе горныя пікі Снягамі пакрыты. Гілевіч.

2. Самы высокі ўздым у развіцці чаго‑н., у якой‑н. дзейнасці. Пік у рабоце электрастанцыі. Пік лактацыі. // перан.; чаго. Вяршыня. Насуперак усім фактам і логіцы вобраз Данкі вырас у маім уяўленні, як пік дасканаласці і прыгажосці. Карпюк.

•••

Гадзіны пік гл. гадзіна.

[Фр. pic.]