пе́чыва, ‑а, н.
1. зб. Печаныя вырабы з мукі. Выняць печыва з печы. □ Служыцелі з падносамі.. частуюць гледачоў чаем з мятай і розным салодкім печывам з міндалем, мятай і фінікамі. В. Вольскі.
2. Абл. Адзін замес, адна выпечка хлеба. Гаспадыня дастала з печы чыгун цёплай вады, паставіла на ўслон дзве дзяжы, і ўчыніла з тае мукі.. два печывы хлеба. Сабаленка.
пе́чышча, ‑а, н.
Астаткі ад печы (звычайна пасля пажару). Нібы языком, злізаў пажар стары драўляны школьны будынак, пакінуўшы ад яго толькі раскіданыя печышчы. Васілевіч. Казалі, у лагчыне калісьці красавалася вёска, — цяпер на тым месцы не было нават задымленых печышчаў. Мележ. Да вайны тут стаяла вартоўня лесніка. Ад яе засталося толькі печышча. Сачанка.
пе́ша, прысл.
Пяшком, пехатой. — Ну, таварышы, злазьце, — сказаў шафёр пасажырам. — Далей пеша, а мне трэба вяртацца. Новікаў. Ні конна, ні пеша ніхто не пралезе. Згубілася сцежка у Вокаўскім лесе. Вялюгін.
пешахо́д, ‑а, М ‑дзе, м.
Чалавек, які ідзе пяшком; пешы чалавек. Па тратуарах... праходзілі рэдкія пешаходы. Гурскі. Дар’я Сяргееўна пільна.. перабірае вачамі ўсіх пешаходаў, што ідуць туды і насустрач. Ракітны.
пешахо́дны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пешахода. Пешаходны паток. // Па якім можна хадзіць толькі пяшком. Пешаходны мосцік. □ З вёскі цераз узгорак, праз поле і хмызняк, вілася пешаходная сцежка. Чорны. // Які ажыццяўляецца пяшком. Пешаходная прагулка.
пе́шачны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да пешкі (у 1 знач.). Пешачная атака. Пешачны дэбют.
пе́шка, ‑і, ДМ ‑шцы; Р мн. ‑шак; ж.
1. У шахматнай гульні — самая нізкая па свайму значэнню фігура. Хадзіць пешкай. □ Пешка рухалася няўмольна ўперад і на 8‑й гарызанталі рабілася ферзём. «Маладосць».
2. перан. Пра малазначнага і несамастойнага ў сваіх дзеяннях чалавека. [Мацей:] — А цяпер? Хто вы цяпер? Пешкі, чурбаны, халуі. Шамякін. [Антон:] — [Шылкін] і ўпэўнены, і самастойны, і справядлівы. Няхай! Толькі ж і Антон яму не пешка. Ён — старшыня. Савіцкі.
пе́шкам, прысл.
Разм. Пяшком. Салдат то пешкам ішоў, то ехаў, як траплялася. Чорны.
пе́шкі, прысл.
Разм. Пеша, пяшком. Тым, хто меў сваіх валоў і коней, дазволілі ехаць на вазах, астатнія мусілі ісці пешкі. Сачанка.
пе́шня, ‑і, ж.
Лом з драўляным дзяржаннем для прабівання лёду.