Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

пе́шчаны, ‑ая, ‑ае.

1. Дзеепрым. зал. пр. ад песціць (у 1–3 знач.).

2. у знач. прым. Капрызны, распешчаны. Пешчанае дзіця.

пе́шшу, прысл.

Разм. Пяшком. Байцы ішлі пешшу, і ўсё на ўсход, на ўсход. Васілеўская. Па малінаўскай вуліцы нельга было ні пешшу прайсці, ні з возам праехаць. Чарнышэвіч.

пе́шы, ‑ая, ‑ае.

1. Які ідзе пехатой. Пешы чалавек. □ Да Дубовай грады ехалі матацыклісты, цягнуліся дзве павозкі і крочыла вялікая група пешых салдат. Федасеенка. // у знач. наз. пе́шы, ‑ага, м. Той, хто ідзе пехатой. Пешы коннаму не таварыш. Прыказка.

2. Які праводзіцца, ажыццяўляецца пехатой. Пешы паход.

3. Пяхотны, не конны. Пешы строй. □ Вакол.. [парламента] тоўпіліся ўзмоцненыя атрады паліцыі, коннай, пешай і на матацыклах. Лынькоў.

пёрка ​1, ‑а; Р мн. ‑рак; н.

Свердзел, які прымяняецца ў сталярскай справе.

пёрка ​2, ‑а; Р мн. ‑рак; н.

1. Памянш. да пяро (у 1, 2 і 4 знач.).

2. Доўгі вузкі ліст якой‑н. расліны. Пёрка часнаку. Пёрка цыбулі. □ Сіняватыя пёркі аўса радавалі вока мяккімі, прыемнымі пералівамі. Даніленка.

пі, нескл., н.

1. Назва літары грэчаскага алфавіта.

2. У матэматыцы — адносіны даўжыні акружнасці да дыяметра.

[Грэч.]

пі́ва, ‑а, н.

Слабаалкагольны напітак з ячменнага соладу. Мінуўшы Сяльцо, Лабановіч надумаўся зайсці да старога Абрама, выпіць бутэльку піва і крыху адпачыць. Колас.

•••

Піва не зварыш з кім гл. зварыць.

півава́р, ‑а, м.

Спецыяліст па піваварэнню.

півава́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да піваварэння. Піваварны завод. Піваварная прамысловасць.

півава́рня, ‑і, ж.

Уст. Піваварны завод. Далёка на ўзгорку.. стаіць піваварня з высачэзным комінам. Бядуля.

півава́рства, ‑а, н.

Тое, што і піваварэнне.