Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

Прадмова ∙ Скарачэнні ∙ Кніга ў PDF/DjVu

піваварэ́нне, ‑я, н.

Выраб піва.

піво́невы, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да півоні. Півоневы пах.

2. у знач. наз. піво́невыя, ‑ых. Сямейства травяністых ці кустовых раслін, да якога адносіцца півоня.

піво́ня, ‑і, ж.

Дэкаратыўная травяністая расліна сямейства півоневых з вялікімі чырвонымі, ружовымі ці белымі кветкамі. Перад хатай, дзе ў агародчыку да вайны Вольга садзіла кветкі — мальвы, вяргіні, півоні, цяпер яшчэ густа буялі каструбаватыя калючыя кусты дурнап’яну. Мележ.

[Ад грэч. paiōnia.]

пі́галіца, ‑ы, ж.

Разм. Пра маленькага, шчуплага чалавека, пераважна жанчыну. [Пархута:] — Спробу, так сказаць, робім... Гэта, уласна, усё вунь тая пігаліца выдумала. Краўчанка.

пігме́й, ‑я, м.

1. Прадстаўнік карлікавых плямён Цэнтральнай Афрыкі, Паўднёва-Усходняй Азіі і Акіяніі. // Пра чалавека маленькага росту. Комін відаць на многа кіламетраў навокал. Акурат — строгі палец велікана, што паказвае пігмеям на вечнае неба. Бядуля. // Пра прадмет, жывёліну, расліну вельмі малых памераў.

2. Нікчэмны, абмежаваны чалавек. Згіньце, Пігмеі і душагубы, Аматары склок І майстры інтрыжак. Кірэенка.

[Грэч. pigmáios — велічынёй з кулак.]

пігме́нт, ‑у, М ‑нце, м.

1. Рэчыва ў жывёльным і раслінным арганізме, якое надае афарбоўку тканкам гэтага арганізма.

2. Афарбаванае хімічнае злучэнне, нерастваральнае ў вадзе, спірце і пад., якое выкарыстоўвацца для вырабу алейных фарбаў, лакаў і інш.

[Ад лац. pigmentum.]

пігментава́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад пігментаваць.

пігментава́цца, ‑туецца; незак.

Зал. да пігментаваць.

пігментава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак., што.

Спец. Афарбаваць (фарбаваць) пігментам.

пігме́нтавы, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і пігментны.