Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ста́тнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць статнага.

ста́тны, ‑ая, ‑ае.

Добра, прапарцыянальна складзены, стройны. Статная фігура. □ Марцін, як толькі ўбачыў .. статную постаць [Насці], адразу пачаў ладавацца ў дарогу. Мележ. // Які мае прапарцыянальна складзеную, стройную фігуру, высокі рост. З грамады асабліва вылучаўся Аляксей Алёшка, магутны, статны, вышэйшы на цэлую галаву за сваіх калег. Колас. Іван — малады яшчэ хлапец, рослы, статны, з прыгожым тварам. Кулакоўскі.

статс-да́ма, ‑ы, ж.

У дарэвалюцыйнай Расіі — вышэйшае прыдворнае званне жанчыны з прывілеяванага саслоўя, якая ўваходзіла ў світу каранаванай асобы.

[Гал. staatsdame.]

статс-сакрата́р, ‑а, м.

1. У дарэвалюцыйнай Расіі — ганаровае прыдворнае званне вышэйшых чыноўнікаў. [Звяждоўскі:] — Быў я ў вялікай княгіні Гелены Паўлаўны. Кола вузкае. Статс-сакратар Карніцкі, што прыехаў з Варшавы, міністр унутраных спраў Панскай, Валуеў, яшчэ некалькі чалавек. Караткевіч.

2. У некаторых капіталістычных краінах — назва вышэйшых урадавых асоб, міністраў і пад.

[Ням. Staatssekretär.]

статуа́рнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Уласцівасць статуарнага (у 2 знач.).

статуа́рны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае выгляд статуі, пагадвае статую. Статуарная разьба. // Які выкарыстоўваецца для статуй. Статуарны мармур.

2. Кніжн. Такі, як у статуі, нерухомы.

стату́й, ‑я, м.

Разм. лаянк. Пра тупога, бесталковага чалавека.

ста́тус, ‑а, м.

У міжнародным праве — становішча, стан. Дыпламатычны статус. Статус незалежнасці дзяржавы.

[Лац. status.]

ста́тус-кво́, нескл., м.

У міжнародным праве — становішча, якое існавала раней або існуе цяпер; становішча без змен. Захаваць статус-кво.

[Лац. status quo.]

ста́тут, ‑а, М ‑туце, м.

1. Звод правіл, якія вызначаюць і рэгулююць парадак дзейнасці, выканання ці прымянення чаго‑н. Юрыдычны статут. Статут ордэна Леніна. // Звод палажэнняў, якія вызначаюць структуру, прынцыпы і парадак дзейнасці якой‑н. арганізацыі, установы. Статут КПСС. Статут Арганізацыі Аб’яднаных Нацый. Статут сельскагаспадарчай арцелі. □ Па турэмнаму статуту «кухару» ад асуджаных у крэпасць дазвалялася хадзіць на астрожную кухню і гатаваць абеды. Колас. Хоць і нялёгка салдату, затое на сэрцы спакойна — службу нясе дакладна па статуту. «Звязда».

2. У некаторых краінах Еўропы 14–18 стст. — закон, звод законаў або ўрадавая пастанова аб чым‑н. На .. [беларускай мове] пісаліся ўсе дакументы ў княстве Літоўскім, і нават Літоўскі статут напісаны па-беларуску. Арабей. // У Англіі і шэрагу іншых краін — назва закона. // перан. Звычаі, традыцыі. Статут палявання патрабаваў, каб людзі былі сытыя, а сабакі галодныя, аж да самага позняга вечара, калі раскінуць ім палатняныя кармушкі. Караткевіч.

[Лац. statutum.]