шта́тны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да штату 2 (у 1 знач.); які вызначаецца згодна са штатам. Штатны спіс. □ Самуйлёнак быў залічаны на штатную пасаду літаратурнага работніка газеты. «Маладосць». Бацька працаваў падзённа на чыгунцы, пасля яго прынялі на штатную пасаду рамонтным рабочым пад Магілёвам. С. Александровіч.
2. Які ўваходзіць у штат, знаходзіцца ў штаце 2 (у 2 знач.). Зроду не даводзілася мне Быць экскурсаводам штатным. Калачынскі. І не ведае Пятроўна, Што зрабілася яна Хоць не штатным, ды цудоўным Агітатарам у нас. Панчанка. // у знач. наз. шта́тны, ‑ага, м. Асоба, якая ўваходзіць у штат 2 (у 2 знач.). А назаўтра ўсе ў калгасе загулі, загаманілі: Курловіч узяўся за штатных... Дуброўскі. [Старшыня:] — Ноч во становіцца вялікая, дык калі качагара падменіш, калі манцёра. Будзеш там штатным. — Я ж працую, — Алег глянуў на свайго брыгадзіра. Ермаловіч.
•••
Штатны расклад гл. расклад.
штаты́ў, ‑тыва, м.
1. Падстаўка або падпорка для замацавання розных прыбораў, хімічнага посуду і пад. Штатыў мікраскопа. □ За шклом шафы, замацаваныя на штатывах, паблісквалі пузатымі бакамі тры колбы. Шыловіч.
2. Складны трыножак, на якім устанаўліваецца і замацоўваецца кінакамера, фотаапарат, тэадаліт і пад. Раптам бачу: стаіць ля тралейбуснага прыпынку знаёмая мне светла-карычневая скураная куртка. І раменьчык ад фотаапарата праз плячо, і штатыў пад пахай. Аношкін.
[Ням. Stativ.]
шта́цкі, ‑ая, ‑ае.
Разм. Тое, што і цывільны. На гэты раз дзверы расчыніліся болей урачыста, павольна і стала, і парог пераступіла даволі фацэтная і маляўнічая постаць штацкага чалавека. Колас. Я спінаю да лямпы стаю Зноў у штацкім адзенні. Куляшоў. Вагон шчыльна набіты вайскоўцамі і штацкімі. Галавач.