штатны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да штату 2 (у 1 знач.); які вызначаецца згодна са штатам. Штатны спіс. ▪ Самуйлёнак быў залічаны на штатную пасаду літаратурнага работніка газеты. «Маладосць». Бацька працаваў падзённа на чыгунцы, пасля яго прынялі на штатную пасаду рамонтным рабочым пад Магілёвам. С. Александровіч.
2. Які ўваходзіць у штат, знаходзіцца ў штаце 2 (у 2 знач.). Зроду не даводзілася мне Быць экскурсаводам штатным. Калачынскі. І не ведае Пятроўна, Што зрабілася яна Хоць не штатным, ды цудоўным Агітатарам у нас. Панчанка. // у знач. наз. штатны, ‑ага, м. Асоба, якая ўваходзіць у штат 2 (у 2 знач.). А назаўтра ўсе ў калгасе загулі, загаманілі: Курловіч узяўся за штатных... Дуброўскі. [Старшыня:] — Ноч во становіцца вялікая, дык калі качагара падменіш, калі манцёра. Будзеш там штатным. — Я ж працую, — Алег глянуў на свайго брыгадзіра. Ермаловіч.
•••
Штатны расклад гл. расклад.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)