Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

штудзі́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. штудзіраваць.

штудзі́раваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад штудзіраваць.

штудзі́равацца, ‑руецца; незак.

Зал. да штудзіраваць.

штудзі́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак., што.

Настойліва, старанна, упарта вывучаць што‑н. [Алесь] старанна штудзіраваў фізіку, чыстую механіку. Шынклер. Кожны дзень я сядзеў на лекцыях, пасля заняткаў штудзіраваў канспекты, а вечарам і нават у святы працаваў над скульптурай. Гроднеў.

[Ням. studieren.]

шту́ка, ‑і, ДМ штуцы, ж.

1. чаго. Цэлы, некрануты, непачаты яшчэ прадмет, выраб (звычайна пра рулон тканіны). [Гунава:] — А калі ты [Сімон] мне штуку сукна прынясеш? Самуйлёнак.

2. Асобная рэч, прадмет, экземпляр з шэрага аднародных, які (звычайна ў спалучэнні з колькаснымі словамі) прымаецца за адзінку адліку. Юрка і Вано пісалі вершы ўзапар па некалькі штук штодня. Бядуля.

3. Разм. Наогул якая‑н. рэч, з’ява, акалічнасць, якасць і пад. Тут [у малюнках Дзеда Мароза] пляцёнкі-завітушкі, Стрэлы гонкія, шчыт, лук, Тут і пер’е райскай птушкі, І ўсялякіх многа штук. Колас. — Гарматы і ракі — розныя, браце, штукі... — уздыхаў, апраўдваючыся, дзед. Лынькоў. «А памятаеш, якога дзядзька Якуб язюка вывалак? От бо штука была, дык штука!» — «Браце, хто ж таго не памятае!..» Кірэенка. — Цудоўная штука — жыццё... — летуценна кажа Мялешка і закурвае папяросу. Васілевіч. // Які‑н. выпадак, здарэнне. І атрымалася недарэчная штука: лепшы машыніст дэпо фармальна астаўся па-за конкурсам. Шынклер. // Пра тое, што мае істотнае значэнне, асаблівасць. [Паўлюк:] — Вопыт, ведама, харошая штука. Што казаць. Каваленка. — Вось дык штука, — сказаў.. [салдат] і часта заміргаў белымі доўгімі вейкамі. — З мамай едзеш? Хомчанка. // Што‑н. нечаканае, складанае, незвычайнае і пад. [Масладуда:] — Зрабіць якую рэч з жалеза — не хітрая штука. Жалеза само па сабе моцнае. Лынькоў. Не штука растраціць, а штука назбіраць. З нар.

4. Разм. Незвычайны ўчынак, выхадка, выбрык. Хлапчукі... — перадражніў яе дзед, здагадаўшыся аб .. каварных штуках [Палаткі]. Лынькоў. // Фокус, мудрагелісты рух. Вучоны да ўсякіх штук, кот падскочыў, ударыўся аб клямку і расчыніў дзверы. Гарэцкі. [Цёця Каця:] А ў тым інстытуце.. дык сабак поўна. Там з імі ўсялякія штукі вырабляюць, практыку здымаюць. Крапіва.

•••

Адпаліць (упаліць, устроіць, урэзаць) штуку гл. адпаліць.

Вялікая штука — бясспрэчна, вядома, не выклікае здзіўлення.

Не вялікая штука — не дзіўна, не дзіва, нічога дзіўнага.

[Ад ням. Stück.]

штукава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. штукаваць.

штукава́цца, ‑куюся, ‑куешся, ‑куецца; незак.

1. Разм. Вырабляць, паказваць штукі (у 4 знач.); практыкавацца. Галоўным чынам.. [Сымонка] штукаваўся ў мастацтве такога роду: кракаў, як варона, кукаваў зязюляй, спяваў жаўранкам і заліваўся салаўём на розныя лады. Бядуля.

2. Зал. да штукаваць.

штукава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.

1. Закрываць адтуліну, дзірку, забіваючы, закладаючы яе чым‑н. Штукаваць прабоіны. // Упакоўваць, шчыльна закрываць што‑н. Штукаваць пасылку.

2. Спец. Сшываць што‑н. з кавалкаў тканіны ці цыраваць такім чынам, каб шво ці цыроўка былі нябачнымі. Штукаваць шоўк.

3. перан.; і без дап. Выдумляць, майстраваць, вынаходзіць што‑н. А ў часіны больш-менш вольныя [дзядзька Марцін] займаўся майстэрствам, што мела беспасрэдныя адносіны да спраў гаспадарскіх: то калёсы ладзіў, то саху правіў, у хляве ці ў гумне парадак рабіў, або ў хаце ці ў сенцах усякія рыштункі штукаваў. Колас. Адыходзячы не ад народнай мовы, а вось ад такой робленай, пісьменнік збядняе сваю літаратурную мову, пачынае штукаваць, і тады мы ўжо не можам лёгка ўжывацца ў кнігу. Скрыган.

штука́р, ‑а, м.

1. Артыст, які паказвае фокусы. А Зай — наш малайчына, Артыст, штукар і хлус, З лясной кінакарціны Пакручвае ўжо вус. Вітка.

2. Той, хто вырабляе розныя складаныя мудрагелістыя рэчы; майстар, вынаходца. Да .. святла ракет далучыўся пажар эшалона.. — Ну, штукары, так сказаць, ну, малайцы! Няўжо ж гэта тое, што я майстраваў? — тупаў дзядзька Кандрат. Брыль. Выйшаў пан, залюбаваўся новым палацам. — Ну, — кажа да Янкі, — бачу, штукар ты не горшы за мяне. Якімовіч.

3. Той, хто схільны да выдумак, хітрыкаў, махлярства; выдумшчык, жартаўнік. У крайняй ад шляху [хаце] жыў стары Пракоп, па прозвішчу Смык, славуты на ўсю ваколіцу каваль. Выдумшчык і штукар, любімец васілішкаўскай моладзі. Краўчанка.

штука́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Жан. да штукар.