штыб, ‑у, м.
Спец. Дробны ці здробнены каменны вугаль. Вугальны штыб.
[Ад ням. Staub — пыл.]
штык 1, ‑а, м.
1. Халодная колючая зброя ў выглядзе вялікага нажа, якая насаджваецца на канец ствала вінтоўкі, карабіна, аўтамата. Дзям’ян яшчэ раз нырнуў штыком.. [ворага] ў грудзі і, забраўшы зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. Напарнік тым часам вырваў штык з кудзелі, адступіўся ў сенцы, завярнуў вінтоўку штыком наперад і рынуўся ў хату. Лецка. // перан. Ужываецца для абазначэння ваеннай сілы як сімвал яе. Браты, мы ведаем — Няроўнае змаганне: Супроць вас штык, Астрогі, катаванне. Колас. Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі. // У спорце — плоская сталёвая пласцінка з шляпкай ці цыліндрам на тонкім канцы, якая надзяецца на ствол стрэльбы, карабіна. Фехтаванне на штыках.
2. Спец. Узброены баец, салдат (ужываецца як адзінка падліку пяхоты). Як атрад партызанскі ішоў з баёў, Небагата ў атрадзе было штыкоў: Хто скалечаны, Хто паранены... Лужанін.
•••
Прымкнуць штык гл. прымкнуць.
Падняць (узняць) на штыкі гл. падняць.
Сустрэць (прыняць) у штыкі гл. сустрэць.
Як штык — поўнасцю, зусім (гатовы да чаго‑н., здаровы і пад.).
[Ад польск. sztych.]
штык 2, ‑а, м.
Спец. Асобы марскі вузел пры звязванні тоўстых вяровак, канатаў.
штык 3, ‑а, м.
Пласт зямлі на глыбіню палатна рыдлёўкі.
штыкава́нне, ‑я, н.
Спец. Дзеянне паводле знач. дзеясл. штыкаваць.
штыкава́цца, ‑куецца; незак.
Зал. да штыкаваць.
штыкава́ць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; незак., што.
Спец. Перакопваць глебу на глыбіню палатна рыдлёўкі з разрыхленнем і пераварочваннем пластоў зямлі. Штыкаваць глебу ў садах.
штыкавы́, ‑ая, ‑ое.
Які мае адносіны да штыка 1, служыць для прымацавання штыка 1 (у 1 знач.). Штыкавая трубка. □ Прыйшло чалавек сто, а можа і яшчэ больш. Ды ўсе з нажамі, з нейкімі кінжаламі, нават са штыкавымі цесакамі, якія дзе ў каго пазаставаліся з вайны. Дубоўка. // Нанесены, зроблены штыком. Штыкавая рана. □ Трэба, каб твой росчырк быў Падобны бліскавіцы грому, Падобны ўдару штыкавому. Танк. // Які адбываецца, робіцца з прымяненнем штыкоў (пра рукапашны бой). [Алешын:] Глядзіце: вораг уцякае — Не вытрымаў атакі штыкавой. Бачыла.
штыке́тнік, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у, зб. Вузкія драўляныя планкі, з якіх робяць плот. Прывезці воз штыкетніку.
2. ‑а. Плот, агароджа, зробленая з такіх планак. Схуднеў за вёскай Хмызнякоў наўкруг, І знікла са штыкетніка даёнка. Грачанікаў.
штыке́тны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да штыкетніка, зроблены з яго. За рэдкай штыкетнай агароджаю, матляліся на вяроўцы жоўтыя і блакітныя дзіцячыя штонікі. Савіцкі.
штыке́ты, ‑аў; адз. штыкет, ‑а і ‑у, М ‑кеце, м.
Тое, што і штыкетнік. [Сад] абгароджаны штыкетамі і густа абсаджаны елкамі. Пальчэўскі. Перад вокнамі зрабіў палісаднічак, паставіў штыкеты, а каля веснічак пасадзіў бярозку. Васілёнак.
штыке́ціна, ‑ы, ж.
Адна планка ў штыкетніку. Вухнаты снег вісеў на яблынях, ляжаў высокай шапачкай на кожным слупу, на кожнай штыкеціне. Гаўрылкін. З аднаго боку хаты быў агарод, абнесены няроўным плотам з шырокіх штыкецін. Аляхновіч. Дабегшы да агароджы, Сцёпка адарваў штыкеціну і пралез у сад. Хомчанка.