штык 1, ‑а, м.
1. Халодная колючая зброя ў выглядзе вялікага нажа, якая насаджваецца на канец ствала вінтоўкі, карабіна, аўтамата. Дзям’ян яшчэ раз нырнуў штыком.. [ворага] ў грудзі і, забраўшы зброю, выйшаў на ганак. Кавалёў. Напарнік тым часам вырваў штык з кудзелі, адступіўся ў сенцы, завярнуў вінтоўку штыком наперад і рынуўся ў хату. Лецка. // перан. Ужываецца для абазначэння ваеннай сілы як сімвал яе. Браты, мы ведаем — Няроўнае змаганне: Супроць вас штык, Астрогі, катаванне. Колас. Бізун, штык і куля царскіх катаў пераконвалі сялян, што памешчыкі і чыноўнікі дзейнічаюць заадно. Лушчыцкі. // У спорце — плоская сталёвая пласцінка з шляпкай ці цыліндрам на тонкім канцы, якая надзяецца на ствол стрэльбы, карабіна. Фехтаванне на штыках.
2. Спец. Узброены баец, салдат (ужываецца як адзінка падліку пяхоты). Як атрад партызанскі ішоў з баёў, Небагата ў атрадзе было штыкоў: Хто скалечаны, Хто паранены... Лужанін.
•••
Прымкнуць штык гл. прымкнуць.
Падняць (узняць) на штыкі гл. падняць.
Сустрэць (прыняць) у штыкі гл. сустрэць.
Як штык — поўнасцю, зусім (гатовы да чаго‑н., здаровы і пад.).
[Ад польск. sztych.]
штык 2, ‑а, м.
Спец. Асобы марскі вузел пры звязванні тоўстых вяровак, канатаў.
штык 3, ‑а, м.
Пласт зямлі на глыбіню палатна рыдлёўкі.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)