штраф, ‑у, м.
Грашовае спагнанне, якое накладваецца ў якасці пакарання ў адміністрацыйным ці судовым парадку. [Тхорык:] — Налажылі на мяне штраф, тады я пад’ехаў з канём і прывёз яшчэ тры плашкі. Усё роўна плаціць. Кулакоўскі. — Дзе я вазьму грошай на штраф. Ды за што штраф, калі я купляў білет. Адамчык. // Спагнанне, пакаранне за парушэнне правіл гульні, этыкету, амаральны ўчынак і пад.
[Ням. Strafe.]
штрафава́ны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад штрафаваць.
штрафава́цца, ‑фуецца; незак.
Зал. да штрафаваць.
штрафава́ць, ‑фую, ‑фуеш, ‑фуе; незак., каго-што.
Накладваць штраф на каго‑, што‑н., браць штраф з каго‑, чаго‑н. Газету затрымлівалі, штрафавалі, канфіскавалі і, нарэшце, зусім забаранілі, а рэдактара засудзілі на год заключэння ў крэпасць. Колас.
штрафні́к, ‑а, м.
Разм.
1. Ваеннаслужачы, накіраваны за парушэнне воінскай дысцыпліны ў штрафную часць.
2. У спорце — ігрок, часова пазбаўлены ўдзелу ў гульні за парушэнне правіл.
штрафны́, ‑ая, ‑ое.
1. Звязаны са штрафам, з платай штрафу. [Войцік:] — І на якое ліха нам здаўся той білет! Сунулі б правадніку колькі залатовак — і без штрафнога пратакола абышлося б. Машара. // Які назначаецца за парушэнне чаго‑н.; з’яўляецца штрафам. Штрафны ўдар.
2. Накіраваны рашэннем суда ў спецыяльную дысцыплінарную часць (пра ваеннаслужачых). Штрафныя матросы. // Які складаецца з такіх ваеннаслужачых, прызначаны для іх. Няхай штрафны батальён, няхай іншая кара. Нас нічога не страшыць пасля тых здзекаў і пакут, якія мы перажылі і пабачылі ў нямецкім палоне. С. Александровіч.
штрукс, ‑у, м.
1. Тканіна, падобная на вельвет.
2. толькі мн. (штру́ксы, ‑аў). Штаны асобага крою з такой тканіны.
[Ням. Struck.]
штры́пка, ‑і, ДМ ‑пцы; Р мн. ‑пак; ж.
Кавалак тасьмы, які прышываецца знізу да калашыны штаноў і працягваецца пад ступню ці абутак. [Юстын:] — На адной назе ў яго [памешчыка] чаравік жоўты, а другая — басанож, і толькі белая штрыпка ад штаноў матляецца... Стаховіч.
[Ням. Strippe.]
штры́фель, ‑фля, м.
Адварот на грудной частцы верхняга адзення. На штрыфлі.. [Макаравага] пінжака гарэла Залатая Зорка Героя. Сабаленка. [Вераніка] паправіла на штрыфлі Славінага пінжака значок «Юны варашылаўскі стралок». Навуменка.
штрых, ‑а, м.
1. Тонкая, кароткая лінія, рыска (малюнка, чарцяжа, партрэта, карціны і пад.). [Рамір] адбегся ад планшэта, .. шырока ўзмахнуў рукой; Вера ведала, што ён зрабіў першы штрых. Асіпенка.
2. перан. Асобны момант, характэрная рыса, падрабязнасць чаго‑н. Варты ўвагі і некаторыя штрыхі, што характарызуюць паасобныя асаблівасці даўніх народных звычаяў паўночнага Палесся. Ліс. Байку Крапівы жывіла жыццё, канкрэтная рэчаіснасць — яна давала не толькі тэмы, вобразы, але асобныя штрыхі, дэталі. Гілевіч.
[Ням. Strich.]