ца́пфа, ‑ы, ж.
Спец. Шып вала ці восі, які апіраецца на падшыпнік. Цыліндрычная цапфа. Цапфа кола турбіны. // Невялікі цыліндрычны выступ на сярэдзіне ствала гарматы.
[Ням. Zapfen.]
ца́пфавы, ‑ая, ‑ае.
Спец. Які мае адносіны да цапфы. Цапфавае гняздо ў лафеце.
цар, ‑а, м.
1. Тытул манарха ў Расіі, Балгарыі і Сербіі. // Асоба, якая мае гэты тытул. Цар Іван Грозны. Цар Пётр І.
2. перан.; каго-чаго або які. Той, хто ўзвышаецца над усімі сабе падобнымі ў якіх‑н. адносінах. Чалавек — цар прыроды. Леў — цар звяроў. □ [Тайдо і Кос] ведалі, што гэта ёсць гняздо птушынага цара, — кондара. Маўр.
3. У спалучэнні з іншымі назоўнікамі характарызуе іх як штосьці незвычайнае сярод сабе падобных. Цар-гармата. Цар-звон. Царголад. Цар-баба. Кедр — цар-дрэва. □ — Такая гордая і паважная [Таня], што, здаецца, і прыступу да яе няма. Цар-дзеўка, ды і годзе! Машара.
•••
Без цара ў галаве — пра неразумнага, дурнаватага чалавека.
За царом Гарохам — вельмі даўно, не за нашай памяццю.
[Ад лац. caesar.]
царава́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. цараваць.
царава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.
1. Тое, што і царстваваць. [Цар] не мог не бачыць, што ў новай вайне прыгонная Расія не вытрымае, яе заваююць і падзеляць мацнейшыя дзяржавы. Тады ўжо не цараваць ні яму, ні яго роду. Якімовіч. // перан. Цалкам гаспадарыць дзе‑н., валодаць кім‑, чым‑н. Тут, у чужой хаце, у дзяржаве, дзе цараваў строгі Глушак, неяк асабліва адчувалася непарушная ўлада звычаяў і законаў. Мележ. Трэба ім [гаспадыням] гатаваць, цыраваць, Над каструлямі дымнымі Цараваць. Барадулін.
2. перан. Вылучацца сярод падобных да сябе якімі‑н. якасцямі; першынстваваць дзе‑н., сярод каго‑, чаго‑н. А дзе ніжэй, дзе вясной надаўжэй затрымліваецца вада, там царуе раскошны, прысадзісты вербалоз. Паўлаў. І выкладаць прадмет вы [настаўнікі] здольныя, І на ігрышчах цараваць, І пляшку асушыць супольную, І вершы пакрытыкаваць... Лось.
царадво́рац, ‑рца, м.
Уст. Саноўнік, які займаў пасаду пры царскім двары; прыдворны. [Валуеў] падымаўся па сходах той асаблівай, выхаванай хадою царадворца і саноўніка, злёгку спружынячы на кожным кроку. Караткевіч. Вершы, дзе паказаны здзекі над народам, не падабаліся царадворцам. Семашкевіч.
царазабо́йца, ‑ы, ДМ ‑у, М ‑ам, м.; ДМ ‑ы, Т ‑ай (‑аю), ж.
Забойца цара.
царква́, ‑ы; мн. цэрквы, ‑аў; ж.
1. Рэлігійнае аб’яднанне духавенства і веруючых на аснове агульнасці веры, вучэння і абрадаў набажэнства. Праваслаўная царква. Каталіцкая царква. Будыйская царква. □ Царква ў Расіі была неад’емнай часткай дзяржавы, адным з яе ведамстваў. «Звязда».
2. Будынак, у якім адбываецца праваслаўнае набажэнства. [Надзя:] А куды вы цяпер маліцца хадзіць будзеце: у царкву ці ў касцёл? Козел.
•••
Евангелічная царква — агульная назва рада пратэстанцкіх (галоўным чынам лютэранскіх) цэркваў.
Адлучыць ад царквы гл. адлучыць.
Адлучэнне ад царквы гл. адлучэнне.
[Ад грэч. kyriakē літаральна — божы дом.]
царкоўнапрыхо́дскі, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да царкоўнага прыхода, знаходзіцца ў яго распараджэнні. Царкоўнапрыходскае навучанне.
•••
Царкоўнапрыходская школа гл. школа.