цар, ‑а, м.

1. Тытул манарха ў Расіі, Балгарыі і Сербіі. // Асоба, якая мае гэты тытул. Цар Іван Грозны. Цар Пётр І.

2. перан.; каго-чаго або які. Той, хто ўзвышаецца над усімі сабе падобнымі ў якіх‑н. адносінах. Чалавек — цар прыроды. Леў — цар звяроў. ▪ [Тайдо і Кос] ведалі, што гэта ёсць гняздо птушынага цара, — кондара. Маўр.

3. У спалучэнні з іншымі назоўнікамі характарызуе іх як штосьці незвычайнае сярод сабе падобных. Цар-гармата. Цар-звон. Царголад. Цар-баба. Кедр — цар-дрэва. ▪ — Такая гордая і паважная [Таня], што, здаецца, і прыступу да яе няма. Цар-дзеўка, ды і годзе! Машара.

•••

Без цара ў галаве — пра неразумнага, дурнаватага чалавека.

За царом Гарохам — вельмі даўно, не за нашай памяццю.

[Ад лац. caesar.]

Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)