Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

уключы́ць, уключу, уключыш, уключыць; зак.

1. што. Далучыўшы да крыніцы энергіі, прывесці ў дзеянне, рух. Уключыць станок. □ Сцяпан Васільевіч уключыў тэлевізар прамой сувязі. Матавы экран ажыў, прамільгнулі абрысы залы, ракетадрома. Шыцік. Вадзіцель ускочыў у кабіну і ўключыў матор. Машына кранулася. М. Ткачоў. // Далучыць да сістэмы дзеючых апаратаў; падключыць. Уключыць першую скорасць. Уключыць тэлефон.

2. каго-што. Увесці, прыняць у склад, лік каго‑, чаго‑н. Уключыць у рацыён жывёлы соль. □ [Бялькевіч:] — Збяру .. брыгаду, уключу туды Мацея з баянам і паеду. Савіцкі. Дырэкцыя адразу ўключыла «Ірынку» у рэпертуарны план тэатра і са згоды аўтара даручыла мне яе ставіць. Сяргейчык.

уключэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. уключаць — уключыць і уключацца — уключыцца.

2. Спец. Тое, што ўключана; іншародная часціца. Газападобныя ўключэнні ў шкле.

укляпа́ны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад укляпаць.

укляпа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Замацавацца шляхам кляпання.

2. перан. Разм. Ублытаўшыся ў якуго‑н. справу, трапіць у непрыемнае, няёмкае становішча. [Кажамяка:] От укляпаўся! І калі ўжо скончацца мае пакуты. Гурскі. // Абазнацца. [Собаль:] — Прывітанне, таварыш студэнт! А я гляджу ды баюся ўкляпацца: знаёмы ці не?.. Брыль.

3. Разм. Закахацца.

укляпа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., што.

Уставіць і замацаваць шляхам кляпання. Укляпаць болт. Укляпаць кручок.