Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

квасаварэ́нне, ‑я, н.

Прыгатаванне, варэнне квасу (у 1 знач.). Сезон квасаварэння.

ква́сіцца, ‑сіцца; незак.

1. Станавіцца кіслым, квашаным; кіснуць. У бочках квасіцца капуста.

2. Зал. да квасіць.

ква́сіць, квашу, квасіш, квасіць; незак., што.

1. Даводзіць да стану браджэння, скісання. Квасіць малако. // Нарыхтоўваць у запас такім чынам. Квасіць капусту. Квасіць буракі.

2. Спец. Апрацоўваць шнуры, футра спецыяльным хлебным растворам. Квасіць аўчыны.

ква́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да квасу. Квасная гушча.

•••

Квасны патрыятызм гл. патрыятызм.

квасо́к, ‑ску, м.

Памянш.-ласк. да квас.

•••

З кваском — кіславаты на смак.

кватарава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

1. Часова жыць у каго‑н., наймаючы кватэру, памяшканне. Нават у дзедавай хаце кватараваў начальнік чырвоных, камандзір батальёна, чым дужа ганарыўся дзед Талаш. Колас. Дзесяцігодку Веньямін канчаў у мястэчку, за дванаццаць вёрст ад роднай вёскі. Кватараваў у знаёмых настаўнікаў. Навуменка.

2. Размяшчацца, быць на пастоі (пра войска). Артылерыйскі полк, які кватараваў у нашым гарадку, застаўся верным стаўцы. Хомчанка.

кватара́нт, ‑а, М ‑нце, м.

Той, хто часова наймае жылое памяшканне ў домаўласніка. Красачка падаставаў аднекуль жалезных і драўляных ложкаў, заставіў імі абедзве палавіны хаты і пачаў драць з кватарантаў шалёныя грошы. Паслядовіч. Мухаморавы адразу палюбілі свайго кватаранта і даглядалі яго як роднага сына. С. Александровіч.

кватара́нтка, ‑і, ДМ ‑тцы; Р мн. ‑так; ж.

Жан. да кватарант.

кватара́нцкі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кватаранта, уласцівы яму. Кватаранцкае жыццё.

кватара́нцтва, ‑а, н.

Пражыванне на становішчы кватаранта. Лемяшэвіч не мог толькі дараваць .. [Арэшкіну] кватаранцтваў Снегірыхі і неўзабаве пасля размовы з самой Аксінняй Хвядосаўнай пагутарыў на гэту тэму і з ім. Шамякін.