Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

гідратурбі́на, ‑ы, ж.

Турбіна, якая прыводзяцца ў рух сілай патоку вады; вадзяная турбіна.

гідраты́пія, ‑і, ж.

Спец. Фатаграфічны метад вырабу каляровых адбіткаў пры дапамозе водарастваральных фарбавальнікаў.

[Ад грэч. hýdōr — вада і týpos — адбітак.]

гідратэрапі́я, ‑і, ж.

Тое, што і водалячэнне. Кабінет гідратэрапіі.

гідратэ́хнік, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне гідратэхнікі.

гідратэ́хніка, ‑і, ДМ ‑ніцы, ж.

Навука аб выкарыстанні водных рэсурсаў у гаспадарцы і барацьбе са шкодным дзеяннем воднай стыхіі, а таксама галіна тэхнікі, якая выконвае гэтыя задачы з дапамогай адпаведных збудаванняў.

гідратэхні́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да гідратэхнікі. Гідратэхнічныя збудаванні.

гідра́ўліка, ‑і, ДМ ‑ліцы, ж.

Навука аб законах раўнавагі і руху вадкасцей і спосабах практычнага прымянення гэтых законаў.

[Ад грэч. hydraulikós — вадзяны.]

гідраўлі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да гідраўлікі. Гідраўлічнае даследаванне.

2. Які дзейнічае пры дапамозе напору, ціску вадкасці. Гідраўлічны прэс. // Які выконваецца з дапамогай ціску вадкасці. Гідраўлічнае выпрабаванне катлоў.

гідрафі́зіка, ‑і, ДМ ‑зіцы, ж.

Раздзел геафізікі, які вывучае працэсы, што адбываюцца ў гідрасферы.

гідрафі́ты, ‑аў; адз. гідрафіт, ‑а, М ‑фіце, м.

Расліны, якія жывуць у вадзе.

[Ад грэч. hýdōr — вада і phytón — расліна.]