старо́ста, ‑ы, ДМ ‑у, м.
Гіст. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — службовая асоба, якая ўзначальвала адміністрацыю павета або ваяводства. Крыху пазней .. [Слонім] стаў каралеўскай эканоміяй, тут жыў каралеўскі намеснік — староста. «Помнікі». Князь аддаў загад старасту арыштаваць хлопца. Вялюгін.
старо́ства, ‑а, н.
Гіст.
1. У Вялікім княстве Літоўскім і феадальнай Польшчы — дзяржаўны маёнтак, які вялікі князь або кароль даваў на часовае карыстанне феадалам. Крычаўскае староства, якім у першай палавіне 18 ст. уладалі князі Радзівілы, было адным з буйнейшых ва ўсходняй Беларусі. «Весці». Тое [Дудзінскае] староства было падорана каралём раней князю Хадкевічу. Якімовіч. // Адміністрацыя на чале са старостам. Амаль усе памешчыкі з сем’ямі выехалі ў Глушэц, пад крыло паліцыі, староства і касцёла. Пестрак. Але як жа цяжка было здабыць у старостве дазвол на спектакль і канцэрт! Мядзёлка. З боку ад прэзідыума за асобным сталом размясцілася [афіцыйная] ўлада: прадстаўнікі староства і паліцыі. Машара.
2. Тое, што і старастоўства. Прыйдзе час — радзіма спамяне Яму [Юхіму] і дэзер[ці]рства, і староства. З. Астапенка.
старт, ‑у, М ‑рце, м.
1. Момант пачатку спартыўных спаборніцтваў. Узяць старт. □ Барацьба за першае месца ў гонках з раздзельным стартам цікава тым, што ні адзін з удзельнікаў не ведае, з якой хуткасцю ідуць яго сапернікі. «Беларусь». // Момант узлёту лятальнага апарата. Цяжкі карабель немэтазгодна саджаць на планету, бо на старт затраціцца значная частка запасаў паліва. Шыцік. // перан. Пачатак чаго‑н. Ёсць свая праўда ў дзіцячай мары. Мара, яна ж старт бярэ ад жыцця. «Маладосць». Пройдзе люты — Мой старт пажыццёвы, Прашуміць, як віхор, нада мной. Прыходзька.
2. Месца, з якога пачынаюцца спаборніцтвы па хадзьбе, бегу, яздзе, плаванню. Каля старту сабралася шмат балельшчыкаў. Сіняўскі. // Месца, з якога праводзіцца ўзлёт лятальнага апарата. Услед за ім [самалётам] усе самалёты парулілі на старт, а пасля ўзляцелі. Алешка.
•••
На старт! — каманда спартсмену заняць месца на старце (у 2 знач.).
[Англ. start.]
стартава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.
Пачаць (пачынаць) спартыўнае спаборніцтва па хадзьбе, бегу, яздзе, плаванню. Першымі стартуюць жанчыны на дыстанцыю 15 км на дарожных машынах. «Звязда». // Пачаць (пачынаць) палёт, узляцець (узлятаць) на лятальным апараце. Фантастыка? А колькі год мінула, Як першы спадарожнік стартаваў? Грахоўскі. Перш чым «Гедэон» стартаваў, наземныя і касмічныя станцыі доўга вывучалі прастору вакол намечанага раёна. Шыцік.
ста́ртавы, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае адносіны да старту (у 1 знач.), звязаны са стартам. Стартавы сігнал. // Які служыць для падачы сігналаў на старце. Стартавы пісталет.
2. Які мае адносіны да старту (у 2 знач.), які знаходзіцца на старце, паказвае лінію старту. Стартавая лінія. Стартавая пляцоўка.
ста́ртэр, ‑а, м.
1. Той, хто дае сігнал старту.
2. Прыстасаванне, механізм для запуску аўтамабільных, авіяцыйных і пад. рухавікоў. Неўзабаве .. [Аляксей] залез у кабіну адной машыны, паспрабаваў завесці, Стартэр не дзейнічаў. Новікаў.
[Англ. starter.]
ста́ртэрны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да стартэра (у 2 знач.). Стартэрны акумулятар.
старцава́ць, ‑цую, ‑цуеш, ‑цуе; незак.
Разм. Тое, што і жабраваць. Абодва [суседы] пайшлі старцаваць... Во да чаго суды давялі! Місько. // перан. Звяртацца з просьбамі даць што‑н., выпрошваць што‑н. [Мароз:] — Кардашова выбралі, знайшлі дзеяча! Толькі і ведае старцаваць кожную вясну: сена, аўса, насення. Лобан.
старцо́ўскі, ‑ая, ‑ае.
Такі, як у старца; уласцівы старцу, які належыць старцу. Старцоўская торба.
старча́к, ‑а, м.
1. Палка, тонкі кол, уваткнутыя ў зямлю. Узбіцца на старчак.
2. Прадмет, які стаіць старчма. З возера — чым далей, тым больш — паказваюцца наверх нейкія чорныя старчакі. Брыль.