Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стара́ннасць, ‑і, ж.

Уласцівасць стараннага; дбайнасць, руплівасць. Я абавязаны пані Бажэне ўдвая: і за яе вялікую стараннасць паўней пазнаёміць нас з Прагай, і за тое, што калі б не яна, у мяне не адбылася б адна хвалюючая сустрэча. Краўчанка. Комлік першы ўбачыў .. [Дзіміну] і тут жа са стараннасцю ўзяўся за работу. Карпаў.

стара́нне, ‑я, н.

1. Стараннасцю руплівасць у якой‑н. справе, рабоце. [Анэта] па-ранейшаму штодзень хадзіла на работу і ўкладвала ў яе ўсё сваё старанне і ўменне. Чарнышэвіч. У тым кутку, глухім і дзікім, Стараннем дзядзькавым вялікім І цяжкай працай хлебароба Набыта розная надоба. Колас.

2. звычайна мн. (стара́нні, ‑яў). Імкненні, намаганні дамагчыся чаго‑н. Толькі потым Галя даведалася, што ў гэтым выбуху была доля і яе старанняў. Няхай.

стара́нны, ‑ая, ‑ае.

Які адносіцца да работы, справы са стараннем; дбайны, руплівы. Старанны вучань. □ Адразу ж пацяплеў блакіт: Хвалю Вясны ўпартасць і людзей старанных, Якія будзяць раніцай зямлю І славяць мір у песнях палымяных. Калачынскі. У школьным гуртку юных тэхнікаў Андрэй быў самы старанны, ніхто не мог зрабіць такой мадэлі, як ён. Чарнышэвіч. // Які выражае стараннасць, сведчыць аб ёй. Старанная падрыхтоўка. □ На кавалку бляхі нечай стараннай рукой .. былі выпісаны акуратныя словы: «Калгас «Ленінскі шлях». Лынькоў.

старару́скі, ‑ая, ‑ае.

1. Які існаваў у перыяд рускага сярэдневякоўя, звязаны з ім. Стараруская музычная творчасць. Старарускія аповесці. // Такі, як у перыяд рускага сярэдневякоўя. Першапачаткова .. [галосныя літары] выконвалі на пісьме тыя ж функцыі, што і ў старарускіх помніках. Булыка.

2. Які здаўна належыць рускім. Старарускія землі.

старарэжы́мнасць, ‑і, ж.

Разм. Уласцівасць старарэжымнага.

старарэжы́мнік, ‑а, м.

Разм. Прыхільнік старога, царскага рэжыму.

старарэжы́мны, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які мае адносіны да старога, царскага рэжыму. Яшчэ і папы тады, ярыя такія, старарэжымныя, былі, і з імі трэба было вытрымаць добрую сутычку. Ермаловіч. // Такі, як пры старым рэжыме; адсталы, аджыўшы. Старарэжымныя парадкі.

старарэ́чышча, ‑а, н.

Старое рэчышча ракі. Па Кавалёўцы даўно хадзілі чуткі, [я]шчэ Ягор быў малы, што недзе тут ляжала старарэчышча, і калі французскі імператар Напалеон уцякаў з Масквы, то ў гэтым месцы пусціў пад лёд сваю залатую карэту. Карамазаў. Дняпро заліў паплавы .. Старарэчышчы ператварылася ў пратокі, у доўгія азёры. Караткевіч.

старасве́тчына, ‑ы, ж.

Даўніна, часы, якія даўно мінулі. Герой успамінае, што некалі, у старую старасветчыну, нябожчыкаў палілі. «Полымя». // Тое, што было даўно; парадкі, звычаі, нормы і пад. Але па краіне магутным поступам ішла калектывізацыя, усюды рушыліся асновы старасветчыны. Шчарбатаў. // Тое, што створана ў далёкія часы і існуе да нашых дзён. Зацятаю грознасцю і панураю суровасцю вее ад гэтых старасвецкіх муроў, а манастыр мае выгляд непадкупнага вартаўніка аджы[л]ых рэлігійных традыцый старасветчыны. Колас.

старасве́цкасць, ‑і, ж.

Уласцівасць старасвецкага.