Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стані́н, ‑у, м.

Мінерал з класа сульфідаў сталёва-шэрага колеру з аліўкава-зялёным адценнем.

стані́на, ‑ы, ж.

1. Аснова, на якой манціруюцца асобныя часткі машыны або станка. Станіна экскаватара. Станіна турбіны.

2. Станок (у 3 знач.), лафет.

ста́ністы, ‑ая, ‑ае.

Стройны, прапарцыянальна і прыгожа складзены. [Яніна] мела лагодныя, мілыя рысы твару, і хоць была ростам невысокая, але станістая, відная, уся такая прывабная — на яе неаднойчы з замілаванасцю заглядаліся тыя, хто ссумаваўся па дзявочай пяшчоце. Кірэенка. На тэрасу падымаецца гнуткі і станісты стары ў мундзіры палкоўніка. Караткевіч. [Ксеня] — прыгожая і станістая, у самым росквіце гадоў кабета. Васілёнак.

стані́ца, ‑ы, ж.

Вялікае казацкае сяло на Доне, Кубані і ў некаторых іншых абласцях. Станіца Вёшанская. □ Ішлі цяжкія абарончыя баі. А наша батарэя амаль два месяцы стрымлівала ворага пад станіцай Сіроцінскай. «Полымя».

стані́чнік, ‑а, м.

Жыхар станіцы.

стані́чны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да станіцы. Станічныя жыхары. Станічныя сады. □ Са станічнага парку, які пачынаўся адразу па той бок вуліцы, улівалася ў пакой, затапляючы яго да краёў, музыка. Чыгрынаў.

станка...

Першая састаўная частка складаных слоў, якая адпавядае па значэнню словам «станок» (у 1 знач.), «станочны», напрыклад: станказавод, станкабудаўнічы.

станкабудава́нне, ‑я, н.

Галіна прамысловасць звязаная з вырабам станкоў.

станкабудаўні́к, ‑а, м.

Спецыяліст у галіне станкабудавання.

станкабудаўні́чы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да станкабудавання. Станкабудаўнічы завод.