Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стальма́шня, ‑і, ж.

Разм. Стальмашная майстэрня. Круглы двор — гэта і стальмашня, дзе робяцца драбіны для калёс, палазы для саней. Сіпакоў.

стальма́шыць, ‑шу, ‑шыш, ‑шыць; незак.

Разм. Займацца рамяством стальмаха; рабіць калёсы, сані. А перад вялікаю вайною вольны быў [Гельскі] ад гэткіх спраў: пачаў рабіць дома — стальмашыў, а для зямлі — трымаў хлапчука-парабчука. Чорны.

стальні́ца, ‑ы, ж.

1. Верхняя дошка, крышка стала. А паставілі посуд — Стальніца Увагнулася, просіць падпоры. Калачынскі. На стальніцы ляжаць тонкія скрылёчкі ружовага сала. Лужанін.

2. Абл. Шуфляда стала. [Мама:] — Брусок, Міша, у стальніцы вазьмі. Я косы панясу. Мыслівец.

стальны́, ‑ая, ‑ое.

1. Які мае адносіны да сталі, звязаны з апрацоўкай і збытам сталі. Завод спецыялізуецца па стальному ліццю. «Маладосць». // Зроблены са сталі. Стальны нож. □ [Танк] закружыўся на адной гусенічнай стальной стужцы і задыміў. Машара. Заўтра выйду на золку Я да рэек стальных і сустрэну сяброўку Між людзей дарагіх. Прыходзька.

2. Падобны колерам на сталь, светла-шэры з адлівам. Пані Свідэрская ўся аж скаланулася, заўважыўшы ў .. [вачах незнаёмага] стальны, бязлітасны бляск. Паслядовіч. Вада ў рэчцы як бы пагусцела і пабыла стальны адліў. Карпаў.

3. перан. Моцны, дужы. Стальныя мускулы. □ Ён [дзяцел] стальную Дзюбу мае, Караедаў Ён знішчае. Дзеружынскі. [Дым:] — На лабавых, казаў .. [камандзір звяна], можа весці бой толькі сапраўдны знішчальнік са стальнымі нервамі. Алешка. // Стойкі, непахісны. Стальная кагорта. □ Да бою ўстаюць каталонцы, Стальныя ідуць батальёны. Купала. Камсамольцы, арлы маладыя, Непакорны, адважны народ. Сілай — мужныя, воляй — стальныя, — Мы гатовы ва ўсякі палёт. Тарас. // Які выражае цвёрдасць, рашучасць. — Што ж ты, Рытачка, рабіла? — панізіўшы голас, у якім зазвінелі стальныя ноткі, запытаўся Валодзя. Даніленка.

сталю́га, ‑і, ДМ ‑люзе, ж.

1. Прыстасаванне для распілоўкі бярвёнаў на дошкі; высокія козлы. Эх, бацька, бацька!.. Няўжо гэта той самы ты, што, пілуючы на прыгуменні дошкі, стаяў на сталюгах і зверху пасмейваўся з сыноў? Брыль. Тоця, ездзячы па тавары, не раз бачыла, як на гэтым пляцы шархалі на сталюгах падоўжныя пілы, а над цагляныя падмуркам завіхалася з паўдзесятка чалавек. Ракітны.

2. Сталярны варштат.

сталява́р, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па сталеварэнню. У кожнага ёсць свае справы, ў мяне, сталявара, — руда, З якое адменныя сплавы Звыш плана павінен я даць. Непачаловіч.

сталяні́ца, ‑ы, ж.

Столевая дошка.

сталя́р, ‑а, м.

Рабочы, спецыяліст па тонкай і дэтальнай апрацоўцы драўніны і вырабах з яе. — Хто гэта? — спытаўся я. — Сталяр сякі-такі, — адказаў Мікола. — Вокны робіць у нас. Брыль.

сталярава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Разм. Тое, што і сталярнічаць.

сталя́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.

Разм.

1. Сталярныя вырабы. Усю зіму пратупаў Карл Раманоўскі ля свае хаты, сам зрабіў усю сталярку, а на вясну яго сям’я мела свой кут на пляцы дзеда Фелікса пад старой грушай-дзічкай. С. Александровіч.

2. Занятак сталярнай справай, рамяство сталяра. Зімою яшчэ сталяркаю [дзед Агей] трохі займаўся: таму заслон зробіць, таму прасніцу альбо матавіла. Крапіва. От праз гэты свой сарваны жывот Іллюк і цяслярства кінуў ды пачаў са сталяркаю цацкацца. Калюга.

3. Сталярня. Дзяўчына бессаромна карысталася яго паслугамі. [Юнак] рашаў за яе задачы, рабіў дамашнія заданні, працаваў у сталярцы, на агародзе. Шамякін.