Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

стажырава́ць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Праходзіць стажыроўку дзе‑н. Басалыга ўжо каля двух месяцаў стажыраваў у «Новым свеце». Гурскі.

стажыро́ўка, ‑і, ДМ ‑роўцы; Р мн. ‑ровак; ж.

1. Праходжанне выпрабавальнага тэрміну перад залічэннем на работу (на прадпрыемства, ва ўстанову і пад.). Чамусьці прыгадалася [Вячаславу], як упершыню трапіў сюды [на граніцу] і праходзіў стажыроўку на адной з застаў. Шыловіч.

2. Праходжанне навучэнцамі вытворчай практыкі для набыцця вопыту і якой‑н. спецыяльнасці. Штосьці падобнае Чарняхоўскі некалі адчуваў у Бабруйску, прыехаўшы туды з Акадэміі на стажыроўку. Мележ. Затым усе набылі па стажыроўцы ля пультаў Літоўскай ДРЭС. Гроднеў.

стаі́цца, стаюся, стоішся, стоіцца; зак.

1. Схавацца і прытаіцца, імкнучыся застацца незаўважаным. Аўгіня асцярожна ўвайшла ў двор, ціхенька расчыніўшы веснічкі, і стаілася за вуглом, каб не папасціся каму на вочы. Колас. Стаіўся на печы і я, не дыхну, чакаючы, што скажа свякруха. Адамчык. Адсюль відаць хмызняк перад дарогай, у якім стаіліся, замерлі штурмавыя групы. Ваданосаў. // Прытаіцца, чакаючы каго‑, што‑н. Змоўкла і Аксана. Стаілася, напружылася, ператварылася ўся ў слых — яна, па ўсім відаць было, хацела першая пачуць Мішэлеву хаду. Сачанка. [Дзяркач] выцягнуў шыю і насцярожыўся, як той кот, што стаіўся над мышынай норкай. Чавускі. // Прыціхнуць, зменшыць актыўнасць. Шаройка, пасля таго, як яго знялі з брыгадзіра, стаіўся, прыціх, нават на вуліцы рэдка паказваўся. Шамякін. / Пра лес, бор, дрэвы і пад. Наставала мяккая, лагодная ноч. Лес стаіўся, натапырыўся, — слухаў. Злягаўся снег. Пташнікаў. Недзе ў сінечы неба спяваў жаўрук. Яго трапяткая песня звінела над полем, як струна на скрыпцы. І ўсё навокал сцішылася, нават вецер стаіўся ў леташняй парудзелай траве. Асіпенка.

2. Не прызнацца ў чым‑н. Але цяпер .. [Ганя] стаілася. Нічога не адказала. Грамовіч.

стаіцы́зм, ‑у, м.

1. Напрамак у антычнай філасофіі, які патрабаваў свядомага падпарадкавання чалавека пануючай у свеце неабходнасці і панавання чалавека пад страсцямі.

2. перан. Стойкасць, мужнасць у жыццёвых выпрабаваннях, здольнасць супрацьстаяць спакусам. Помнячы пра бацьку і прыносячы яму за ўсё зробленае для беларускай культуры шчырую падзяку, мы, аднак, бяром сабе за прыклад сына — яго [Максіма Багдановіча] любоў да Айчыны, служэнне ёй, яго непахіснасць і нязломны стаіцызм. «Маладосць».

[Ад назвы порціка Stoa ў Афінах, дзе вучыў філосаф Зянон.]

стаі́ць, стаю, стоіш, стоіць; зак., каго-што.

1. Утаіць, зрабіць невядомым, нябачным для іншых. У апошнюю .. кампанію, калі складалі спісы зямлі і жывёлы, Ключынскі запісаў васемнаццаць дзесяцін зямлі, а дзевяць дзесяцін стаіў. Галавач. [Вера:] — Не, я стаіла, што я архітэктар. Навошта? Каму і гэта патрэбна ў такі час? Мікуліч.

2. Не выказаць, не даць магчымасці заўважыць іншым (думкі, пачуцці і пад.). Глушко анямеў. Але ўзрушанасць стаіў, сеў за стол, зняў шапку. Навуменка. — Маня! — крыкнуў .. [Тамаш], стараючыся стаіць хваляванне. — Прынясі кубак вады. Краўчанка.

3. перан. Захаваць, зберагчы ў таямніцы (пра тое, што знешне не прыкметнае або яшчэ не вядомае). Яго [Капыля] старыя курганы Мо’ не адну стаілі быль. Астрэйка.

•••

Стаіць дыханне — перастаць дыхаць (ад напружання, пры чаканні і пад.).

стаі́чна, прысл.

Як стоік (у 2 знач.), як уласціва стоіку; стойка, мужна. І тым не менш, непакорлівы дух дзядзькі, яго паэтычная душа, закаханая ва ўсё прыгожае, стаічна вытрымлівалі нягоды і выпрабаванні лёсу. Майхровіч. З нейкім вінавата-прабачлівым выглядам ён стаічна чакаў, пакуль набярэцца ў яе дробязі на рэшту. Васілёнак.

стаі́чны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да стаіцызму (у 1 знач.). Стаічная філасофія. Стаічная школа.

2. перан. Стойкі, мужны ў жыццёвых выпрабаваннях. Стаічнае рашэнне. // Уласцівы стойкаму чалавеку; мужны. Стаічная вытрымка [Караля] прымушала слухацца і ў той жа час пачынала раздражняць Валю. Карпаў.

ста́йневы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стайні.

ста́йня, ‑і, ж.

Памяшканне для коней, канюшня. Конюх выпускае з стайні коней На вясёлы вадапойны збор. Астрэйка. Са стайні конюх вывеў на шпацыр варанога жарабца. Чарнышэвіч.

•••

Аўгіевы стайні (канюшні) — пра вельмі забруджанае памяшканне, а таксама аб справах, у якіх пануе поўнае бязладдзе, блытаніна (ад грэчаскага міфа пра стайні цара Аўгія, што не чысціліся 30 год і былі вычышчаны Гераклам за адзін дзень).

стака́н, ‑а, м.

Спец.

1. Гільза артылерыйская снарада.

2. Назва дэталей рознага прызначэння, якія маюць цыліндрычную форму. Токар Кучарэнка стаў добра працаваць па фрэзерным, на свідравальным станках, навучыўся спраўляцца з расточкай стаканаў плунжэра дамкрата. «Беларусь».