Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ста́дый, ‑я, м.

Адзінка вымярэння адлегласці ў многіх старажытных народаў, роўная прыблізна 200 м. Вавілонскі стадый — каля 195 м.

[Грэч. Stadion.]

стады́йнасць, ‑і, ж.

Тое, што і стадыяльнасць.

стады́йны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і стадыяльны. Стадыйнае развіццё.

ста́дыя, ‑і, ж.

Перыяд, этап у развіцці чаго‑н., які мае свае якасныя асаблівасці. Імперыялізм — апошняя стадыя капіталізму. Туберкулёз у апошняй стадыі. □ Але ў гэты момант напружанне даходзіць да такой стадыі і так узбуджае эмоцыі, што на хвіліну да мяне нават вяртаецца здольнасць адчуваць пахі. Карпюк. Эндшпілем называецца заключная стадыя [шахматнай] партыі. «Маладосць».

•••

Светлавая стадыя — стадыя развіцця расліны, у праходжанні якой вядучую ролю адыгрываюць умовы асвятлення.

стадыя́льнасць, ‑і, ж.

Кніжн. Наяўнасць стадый у чым‑н. Стадыяльнасць развіцця.

стадыя́льны, ‑ая, ‑ае.

Кніжн. Які мае адносіны да стадыі; які адбываецца па стадыях. Стадыяльны працэс. Стадыяльная тэорыя.

стае́ннік, ‑а, м.

Конь, якога трымаюць на стайні для выезду. [Дзед Аніська:] — Меў .. [граф Чапскі] пару стаеннікаў, мо па тысячы рублёў кожны. Як выедзе, дык зямля ўгінаецца. Лужанін. Лёгка і грацыёзна нёсся на тонкіх зграбных нагах сівы ў яблыкі стаеннік. Машара.

стае́нны, ‑ая, ‑ае.

Які прызначаны для выезду, на якім не працуюць (пра каня). Зрэдку праносіліся памешчыцкія карэты, запрэжаныя ў тройкі або чацвёркі стаенных коней. Гартны. Стаенны прыгажун захроп, шырока растапырыўшы ноздры, павёў вушамі і пачаў грабці нагою зямлю. Кулакоўскі.

ста́ер, ‑а, м.

Спартсмен, які спецыялізуецца ў бегу ці гонках на доўгія дыстанцыі.

[Англ. stayer — вынослівы чалавек.]

ста́ерскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да стаера. Стаерскія дыстанцыі.