Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

ставо́к, стаўка́, м.

Невялікая сажалка, запруда. За вадакачкай у стаўку Крычаць, куляючыся, качкі. Калачынскі. [Белаколас:] — Вада?.. у нас цэлая сетка штучных стаўкоў, азяркоў, прыручаных крыніц, сабраных у адно рачулак і ручаінак. Скрыган.

ставы́, ‑оў; адз. няма.

Абл. Кросны (у 1 знач.). З бярозы вычасаў ставы ёй [ненагляднай] новыя, Набіліцы кляновыя зрабіў. Купала.

стагава́льшчык, ‑а, м.

Той, хто складае стагі. Часта .. [Дзямід Сыч] прыязджаў на луг пад вечар,.. спешным крокам падаваўся да стагавальшчыкаў альбо да касілак. Паслядовіч.

стагава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стагаваць.

стагава́ць, ‑гую, ‑гуеш, ‑гуе; незак., што і без дап.

Складаць у стог, стагі (салому, сена і пад.). [Міша:] — Навошта мне горад? Я люблю зямлю. Люблю сена стагаваць. Мыслівец. Араў і стагаваў гадамі, Не для сябе, не для радні, — Пасталі доўгімі радамі Твае [хлебароб] цяжкія працадні. Грахоўскі.

стагаві́шча, ‑а, н.

Абл. Стажар’е. На тым месцы, дзе Данчанка пасадзіў кусты парэчак і прышчапіў яблынькі, было так званае «стагавішча». «Звязда».

стагавы́, ‑ая, ‑ое.

Які мае адносіны да стога, прызначаны для стагоў. Стагавыя вілы. // Складзены ў стог, які ляжыць у стозе. Стагавое сена.

стагакі́д, ‑а, М ‑дзе, м.

Сельскагаспадарчая машына для складання стагоў, сціртаў, а таксама для пагрузкі коп на машыны. [Лёня:] — Я бачу, хто такі няўрымслівы — трактарыст са стагакіда. Місько.

стагна́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. стагнаць, а таксама гукі гэтага дзеяння. Ночы цяпер стаялі зорныя .. і да самай раніцы чуліся тут: моцны шэпт, кашаль, стагнанне, божканне. Чорны. Толькі зрэдку на світанні, Як павейваў вецярок, Журба чулася, стагнанне, — Плакаў ссечаны дубок. Колас.

стагнацы́йны, ‑ая, ‑ае.

Спец. Які мае адносіны да стагнацыі. Стагнацыйны перыяд у вытворчасці.