цыба́тасць, ‑і, ж.
Разм. Уласцівасць цыбатага. [Касцюм] выгодна падкрэсліваў яе [дзяўчынкі] танклявы стан і кволыя формы і ў той жа час затушоўваў, хаваў яе падлеткавую цыбатасць і вуглаватасць. Мехаў.
цыба́ты, ‑ая, ‑ае.
1. Высокі і тонкі, звычайна даўганогі. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк. Маўр. Конь быў нізкарослы, грывасты, коннік здаваўся залішне цыбаты, і ногі яго як не валачыліся па зямлі. Лупсякоў. Ззаду каля ласіхі мітусілася цыбатае ласянё. Федасеенка. / у перан. ужыв. Кошыкі і карабы к поўдню напаўняліся .. прысадзістымі лісічкамі, чырвонагаловымі цыбатымі падасінавікамі. Васілевіч. / у знач. наз. цыба́ты, ‑ага, м.; цыба́тая, ‑ай, ж. Бобрыку спачатку здалося, што цыбаты сам паляцеў старчма. Дуброўскі.
2. Доўгі і тонкі, з падоўжанай часткай ад ступні да калена (пра ногі). Празвалі .. [Шайку] некалі чапляй за цыбатыя ногі, такія спрытныя і такія лёгкія, што яна і сапраўды, як чапля, прабіралася па любой дрыгве. Лынькоў. [Міхалючок] закруціўся па хаце, як падлетак, заскакаў на сваіх цыбатых нагах. Чорны.
цы́бік, ‑а, м.
Уст. Пакет, скрынка з чаем (ад 40 да 80 фунтаў).
цыбу́к, ‑а, м.
1. Трубкападобны стрыжань курыльнай люлькі, праз які курэц уцягвае дым тытуню. Дзядзька не выпускаў з рота цыбука люлькі. Сачанка.
2. Сцябло. Цётка Проска паліць у печы, парыць у вядзёрным чыгуне тытуневыя цыбукі. Васілевіч.
3. Спец. Вінаградны чаранок.
цыбулепадо́бны, ‑ая, ‑ае.
Па форме і выгляду падобны на цыбулю.
цыбу́ліна, ‑ы, ж.
1. Патоўшчаная, звычайна падземная, частка сцябла некаторых раслін. Цыбуліна цюльпана. Цыбуліна лілеі.
2. Галоўка цыбулі. Маці адрэзала лусту хлеба, дастала цыбуліну, загарнула ў паперку крыху солі і ўсё гэта паклала ў торбачку. Гамолка.
3. Расшыраная частка некаторых органаў, частак арганізма. Цыбуліна аорты. Цыбуліна воласа.
цыбу́лісты, ‑ая, ‑ае.
Разм. Які падобны на цыбуліну, мае выгляд цыбуліны.
цыбу́лька, ‑і, ДМ ‑льцы; Р мн. ‑лек; ж.
1. Памянш.-ласк. да цыбуля.
2. Невялікая цыбуліна.
цыбу́льны, ‑ая, ‑ае.
1. Які мае цыбуліну (у 1 знач.), развіваецца з цыбуліны (у 1 знач.). Цыбульныя расліны.
2. Які мае адносіны да цыбулі (у 2 знач.). Цыбульны смак. □ Дзямід Сыч, сербануўшы пару лыжак цыбульнай мешаніны, адхінуўся ад стала. Паслядовіч.
3. у знач. наз. цыбу́льныя, ‑ых. Расліны сямейства лілейных і амарылісавых, у якіх развіваюцца цыбуліны.
цыбу́ля, ‑і, ж.
1. Агароднінная расліна сямейства лілейных з ядомымі цыбулінай і трубчастымі лістамі. Рэпчатая цыбуля. □ Была б добрая вясна, дык ужо ў такі час вырасла б цыбуля ў агародзе, шчаўе на лузе. Колас.
2. зб. Ядомыя трубчастыя лісты або галоўкі гэтай расліны. [Гануля] ішла з гарода і несла ў кошыку маладзенькую радыску, салату і яшчэ кволае пер’е цыбулі. Чарнышэвіч. [Чалавек:] — Магу даць пляцёнку цыбулі або вясельца сушаных грыбоў. Кулакоўскі.
3. Назва некаторых травяністых цыбульных раслін сямейства лілейных. Цыбуля мядзведжая. Цыбуля заячая.
[Ад ням. Zwiebel.]