Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самаадука́цыя, ‑і, ж.

Набыццё ведаў самастойнай работай па-за навучальнымі ўстановамі, без дапамогі выкладчыкаў. Ідучы дамоў, Змітрок аб усім перадумаў і прыйшоў да вываду: працаваць над сабой, пакуль хопіць сілы, займацца самаадукацыяй. Хведаровіч.

самаадчува́нне, ‑я, н.

Агульны фізічны і маральны стан чалавека, які залежыць ад яго здароўя і настрою ў дадзены момант. [Мама] не пайшла больш ні на ток, ні ў поле: у яе было дрэннае самаадчуванне. Шамякін. [Залатарова:] — Каб зрабіць дасканалае даследаванне, бывае мала адных аб’ектыўных паказанняў. Трэба ведаць самаадчуванне хворага. Мяжэвіч.

самаакісле́нне, ‑я, н.

Рэакцыя акіслення, якая адбываецца без каталізатараў.

самаако́пванне, ‑я, н.

Пабудова самімі байцамі прасцейшага ўкрыцця ад агню ворага.

самаакупі́цца, ‑купіцца; зак.

Пакрыцца даходамі без фінансавай дапамогі (пра расходы). Выданне кнігі самаакупілася.

самаакупля́цца, ‑яецца.

Незак. да самаакупіцца.

самааку́пнасць, ‑і, ж.

Спосаб вядзення гаспадаркі, пры якім расходы пакрываюцца ўласнымі даходамі прадпрыемства, установы.

самааку́пны, ‑ая, ‑ае.

Такі спосаб гаспадарання, пры якім расходы пакрываюцца ўласнымі даходамі. Самаакупнае выданне.

самаана́ліз, ‑у, м.

Аналіз уласных учынкаў і перажыванняў. І можа зусім не варта гэтак корпацца ў сваёй душы, займацца такім самааналізам? Шамякін. Самааналізам пачуццяў займацца доўга не давялося. Закіпела работа на пераправе. Сабаленка.

самаапладне́нне, ‑я, н.

Апладненне жаночай палавой клеткі мужчынскай палавой клеткай той жа асобіны двухполых арганізмаў (жывёл і раслін). Самаапладненне раслін.