Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спяле́ць, ‑ее; незак.

Тое, што і спець ​2 (у 1 знач.).

спялі́ць, спялю, спеліш, спаліць; незак., што.

Даводзіць да спеласці. Спяліць памідоры. □ Іх [Міхася і Паташу] вынеслі ўранку На ўзлессе, туды, Дзе волат на сонцы Спяліў жалуды. Гілевіч.

сп’яна́, прысл.

Разм. Будучы п’яным, нецвярозым. Сп’яна ахрысцілі ку мы хлапчука Не бацькаўскім імем, а нейкім Панасам. Танк. [Алёша:] — Ты брат ёй [Любе], ці можа родзіч, Ці можа жаніх зусім. Што гэткую дрэнь гародзіш Сп’яна пра дзяўчат сваіх? Нядзведскі.

сп’яне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які сп’янеў, ап’янеў. Сп’янелы, [Міканор] не адразу ўстаў і тады, калі маці, якая ўнесла з сенцаў халадзец, сказала, што на вуліцы нейкія крыкі. Мележ. // Уласцівы такому чалавеку. Нехта сп’янелым голасам спяваў. Савіцкі. // Які прыйшоў у стан, падобны да стану ап’янелага чалавека (ад пахаў, стомленасці і пад.). Сп’янелы ад ляснога паветра.

сп’яне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць п’яным, ап’янець. Пасля пакурылі [Астаповя і Блецька], яшчэ выпілі па шклянцы, сп’янелі і яшчэ мацней пачалі гаварыць. Чорны. [Змітрок] выпіў адну чарку, потым другую, вельмі хутка забыўся на свой сорам і сум, разам з усімі смяяўся, жартаваў з Кузьмы, бо той неўзабаве зусім сп’янеў і заснуў проста за сталом. Сачанка. // Прыйсці ў стан, падобны да стану ап’янелага чалавека (ад пахаў, стомленасці і пад.). Мы проста сп’янелі ад гэтых кніг, ад усяго багацця, ад усяго хараства, пра якое, зразумела, раней не маглі і ў сне сасніць... Дубоўка. Гляджу я, — шаман ад песні больш, чым ад гарэлкі, сп’янеў; усе павесялела. Багдановіч.

спярша́, прысл.

Разм. Першапачаткова, раней, спачатку. Спярша служыў .. [дзядуля] .. у мешчаніна, кульгавага пана Пстрычкі, што меў многа зямлі і вялікі сад. Гарэцкі. І сотні глотак песню падхапілі, Спярша няўлад, а грымнулі яны — Аж затрымцела вецце і бадылле і загулі шчарбатыя званы. Грахоўскі. Дзверы спярша абурана рыпнулі, потым гнеўна грукнулі. Васілёнак.

спярэ́сціць 1, ‑рашчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; зак., каго-што.

Зрабіць пярэстым. Трэшчыны спярэсцілі сцяну.

спярэ́сціць 2, ‑рэшчу, ‑рэсціш, ‑рэсціць; зак., каго-што.

Разм. Моцна ўдарыць; спляжыць. Спярэсціць кіем.

спярэ́шчаны 1, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спярэсціць ​1.

спярэ́шчаны 2, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спярэсціць ​2.

спярэ́шчвацца, ‑аецца; незак.

Зал. да спярэшчваць.

спярэ́шчваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спярэсціць ​1.