Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спытлява́ць, ‑люю, ‑люеш, ‑люе; зак., што.

Змалоць і прасеяць папярэдне ачышчанае зерне на мяккую муку. Спытлявалі пшаніцу і раздалі жанкам па хатах, каб напяклі пірагоў і булак. Васілевіч.

спэ́цканы, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спэцкаць.

спэ́цкацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.

Вымазацца, запэцкацца, забрудзіцца.

спэ́цкаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго-што.

Вымазаць, запэцкаць, забрудзіць. Спэцкаць сукенку.

спэ́цкваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.

Незак. да спэцкаць.

спява́к, спевака, м.

1. Той, хто ўмее пець, хто добра спявае. З вялікім натхненнем спевака заліваўся Лазар, падаючы свайму голасу самую тонкую лірычнасць. Колас. / Пра пеўчых птушак. Якраз на тое салавейка тут заспяваў [на] поўны голас. Ад Івянца і да Вілейкі не знойдзеш спевака такога. Дубоўка.

2. Той, для каго спевы з’яўляюцца прафесіяй. Оперны спявак. Камерны спявак.

спява́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спяваць.

спява́цца, ‑аецца; незак.

1. Незак. да спецца.

2. Выконвацца, узнаўляцца голасам. [Ладымер:] — Вы [маладое пакаленне], думаеце, на тое гэта калыханка спявалася, каб дзіця заснула? Чорны. // Гучаць. У галаве песня спяваецца, а на язык не ідзе. Якімовіч. // Быць зместам песні, песень. Аленка ведала, што часамі хлопцы і дзяўчаты любяцца, што ёсць на свеце каханне, нават і ў песнях аб ім спяваецца. Колас.

3. безас. Пра наяўнасць жадання, настрою пець. Ды і наогул на дзяўчат нібы які мор пайшоў: ім не спявалася, не гулялася. Паўлаў.

4. Зал. да спяваць (у 1, 2 і 5 знач.).

спява́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

1. што і без дап. Утвараць голасам музыкальныя гукі; выконваць вакальныя творы, пець. Спяваць песню. □ Над Нёманам, Беразіной Яе [песню] спяваюць партызаны. Танк. // Умець пець. Марцін добра спяваў, танцаваў, весяліў людзей вострым словам. Брыль. Бадай ніхто так з хлопцаў не спяваў у Ельнічах, як Ляткоўскі. Вітка. // Цёхкаць, шчоўкаць, свістаць (пра пеўчых і іншых птушак). Яны [салаўі] спяшаліся спяваць, Яны сябе не шкадавалі, Як быццам свет уратаваць Сваёю песняю жадалі. Дайнека. // перан. Гаварыць, чытаць нараспеў. — Вечар добры, вечар добры! — неяк асабліва ласкава спявае .. [Амэля] ў адказ на прывітанне Антака Мазалеўскага. Васілевіч.

2. каго-што і без дап. Выконваць оперную партыю; выступаць на сцэне, у тэатры спеваком, спявачкай. Спяваць Анегіна. □ Спяваў на сцэне млява Ленскі Пра залатыя дні вясны. Панчанка.

3. перан.; без дап. Быць прасякнутым пачуццём радасці, усхваляванасці, захаплення. Хіба можна злавацца, калі спявае ўся твая істота? Шамякін. Спявай ты, Беларусь, у радасці спявай! Купала. Ты скажы такое слова, Каб душа спявала, Ад каторага б на сэрцы Рана зажывала. Русак.

4. перан. Меладычна гучаць (пра музычныя інструменты). [Юра] трос грыф: гітара сама спявала і плакала. Васілевіч. Спявалі мяхі распісныя, Скакалі між пальцаў лады. Калачынскі. // Рыпець, пішчаць, свістаць (пра розныя прадметы). Над пшанічным полем спявалі кулі. Чорны. Калі ж ішоў у свіран ураджай, — Спявалі пілы і сякеры ў лад. Астрэйка. / Пра завыванне ветру, мяцеліцы і пад. Ой ты, вецер, не шумі, Не спявай так нудна! Колас. Віхура, відаць, яшчэ не зусім уляглася. Усю ноч спявала пад акном. Машара.

5. што. Усхваляць, услаўляць у вершах, песнях каго‑, што‑н. Пісьменнік хоча адгукнуцца на ўсё, што адбываецца ў савецкай краіне. [Максім Танк] спявае гімны вызваленню. Бугаёў. І паэт, як добры, пільны гаспадар, спявае славу працы. «ЛіМ». / у паэт. ужыв. Гімн чалавечай працы Спяваюць кельмы гучна. Аўрамчык.

6. Разм. Многа гаварыць аб чым‑н. з карыснай мэтай. Ён [Богут] перад ёю выдыгае, як закаханы, малады. «Мальвіна, жонка дарагая!» — Спявае ён на ўсе лады. І распытаў, як гасцявала. Колас. // Гаварыць іншае, чым раней. Пасля сходу ён пачаў інакш спяваць.

•••

Спяваць асанну (кніжн.) — узносіць, усхваляць каго‑н.

Спяваць на новы лад — а) пець новыя песні; б) гаварыць па-іншаму, не так, як раней.

Спяваць славу — расхвальваў, праслаўляць каго‑н. [Паходня:] — Ты з большым здавальненнем слухаў, як спяваў табе славу Бабейка: «Паважаны таварыш дырэктар», «таварыш Ваўчок распарадзіўся». Хадкевіч.

спява́чка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чаіс; ж.

Жан. да спявак.