спужа́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; зак.
Адчуць страх перад кім‑, чым‑н. Света ўсяго баіцца ў лесе, не толькі мурашак і жаб. Баіцца нават птушак, дзікіх качак учора спужалася — крычала на ўсю Сырніцу. Пташнікаў. [Антось:] — Летняя ноч кароткая, а цягнуць камень праз лес цяжка .. А тут стала займацца на золак, у Сверанаве заспяваў певень, дык нячысцік спужаўся, кінуў камень ды ходу наўцёкі... С. Александровіч.
спужа́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак., каго.
Выклікаць страх, боязь; спалохаць. Я хаваюся за дуб, чакаю, каб спужаць Змітрыка, які паволі крочыць за падводай. Мыслівец. [Гаўрыла:] — А мяне-то чортам ды нябожчыкам ніхто ўжо не спужаў бы. Гарэцкі.
спурт, ‑у, М ‑рце, м.
Рэзкі, імклівы рывок перад фінішам у час бегу, плавання, катання на каньках і пад.
[Англ. spurt — рывок.]
спуртава́ць, ‑тую, ‑туеш, ‑туе; зак. і незак.
Рэзка павялічыць (павялічваць) скорасць перад фінішам у час бегу, плавання, катання на каньках і пад.
спуск, ‑а і ‑у, м.
1. ‑у. Дзеянне паводле дзеясл. спускаць — спусціць (у 1–3, 6–8 і 11 знач.) і спускацца — спусціцца (у 1, 2 і 5 знач.).
2. ‑а. Месца, па якім спускаюцца ўніз, нахіленая плоскасць. Найгорш было сыходзіць на крутым спуску каля суседняй вуліцы. Пальчэўскі. Са свістам і галёканнем праходзіла чарада гарадскіх падлеткаў, шукаючы спуска да ракі. Ракітны.
3. ‑а. Кручок у агнястрэльнай зброі, які націскаюць пальцам, каб зрабіць выстрал; спускавы кручок. // Прыстасаванне ў фота- і кінаапараце для адкрывання затвора аб’ектыва.
4. ‑а. Сталярная прылада з доўгай калодкай для выраўноўвання паверхні; фуганак.
5. ‑а. Спец. Пропуск у верхняй частцы старонкі перад пачаткам раздзела кнігі.
6. ‑а. Спец. Расстаноўка звярстаных палос набору ў такім парадку, які забяспечвае правільную паслядоўнасць старонак.
•••
Не даць спуску каму гл. даць.
спускавы́, ‑ая, ‑ое.
Прызначаны для спуску, спускання чаго‑н. Спускавы кручок.
спуска́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. спускаць — спусціць (у 1–8 і 14 знач.).
спуска́цца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да спусціцца.
2. Зал. да спускаць.
спуска́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спусціць.
•••
Не спускаць вока (вачэй) з каго-чаго — а) глядзець не адрываючыся; б) сачыць за кім‑, чым‑н. Свідзінскаму было сказана: не спускай вачэй з гэтай пары. «Работніца і сялянка».
Не спускаць каго-што з вока (вачэй) — сачыць за кім‑, чым‑н. неадрыўна.
Не спускаць з рук — падоўгу трымаць на руках.
Не спускаць з языка — пастаянна гаварыць пра каго‑, што‑н.
спускны́, ‑ая, ‑ое.
Прызначаны для спуску, спускання чаго‑н.; які служыць для спуску, спускання чаго‑н. Спускная труба.