Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

самаабучэ́нне, ‑я, н.

1. Набыццё ведаў або якіх‑н. навыкаў шляхам самастойных заняткаў без настаўніка, па-за школай.

2. Спец. Аўтаматычнае змяненне спосабу функцыяніравання сістэмы. Самаабучэнне ЭВМ.

самаадво́д, ‑у, М ‑дзе, м.

Матываванае адхіленне сваёй кандыдатуры ад вылучэння на якую‑н. выбарную пасаду. Калі на сходзе назвалі яго [Барашкіна] прозвішча для ўнясення ў спісы для тайнага галасавання, ён спачатку разгубіўся, паспрабаваў даць самаадвод. Савіцкі.

самаадво́льнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць самаадвольнага. Самаадвольнасць руху.

самаадво́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ўзнікае, адбываецца сам сабой, сілаю ўнутраных прычын, незалежна ад уздзеяння звонку. Самаадвольны рух малекул.

2. Які адбываецца па ўласнай волі, без прынукі.

•••

Самаадвольнае зараджэнне — тое, што і самазараджэнне.

самаадда́насць, ‑і, ж.

Уласцівасць самаадданага. [Андрэй:] — Няма такой узнагароды, якая магла б быць годнай вашай адвагі і самаадданасці. Самуйлёнак. Жыццё паказвае, што толькі тым [паэтам], якія ўсім сэрцам любілі літаратуру, да самаадданасці, да самазабыцця, удалося пазнаць радасць прызнання і заняць сваё месца сярод вялікай кагорты літаратараў. Хведаровіч.

самаадда́ны, ‑ая, ‑ае.

1. Які ахвяруе сабой, асабістымі інтарэсамі для дабра і шчасця другіх, для агульнай справы. Самаадданы вучоны. Самаадданы рэвалюцыянер.

2. Поўны самаахвяравання (пра дзеянні, учынкі). Самаадданае служэнне народу. □ Мы любім Каліноўскага за самаадданую барацьбу супроць памешчыкаў і самадзяржаўя. Лушчыцкі. Партызанскую дзейнасць.. [Маеўскі] не ўяўляў без упартай, напружанай, самаадданай працы. Шамякін.

самаадда́ча, ‑ы, ж.

Поўная аддача ўсіх сіл, здольнасцей, ведаў якой‑н. справе. Працаваць з поўнай самааддачай. □ Гэтая сцэна [са спектакля «Жывы труп»] можа служыць узорам акцёрскай натхнёнасці і самааддачы. Сабалеўскі.

самаадкрыццё, ‑я, н.

Адкрыццё чаго‑н. для сябе самога. Сама па сабе метафара не новая, але якая натуральнасць інтанацыі, якая шчырасць лірычнага самаадкрыцця! Макаль.

самаадмаўле́нне, ‑я, н.

Адмаўленне сваіх асабістых вартасцей, заслуг.

самаадрачэ́нне, ‑я, н.

Свядомае адмаўленне ад асабістых выгад у імя каго‑, чаго‑н. Скарына — выдатны тып вучонага-гуманіста, якому чужой была афіцыйная царкоўная мараль з яе пропаведдзю самаадрачэння і пакорлівасці. Алексютовіч.