спрэ́чнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць спрэчнага. Спрэчнасць сцверджанняў.
спрэ́чны, ‑ая, ‑ае.
1. Які выклікае спрэчку, можа быць прадметам спрэчкі (у 1 знач.). Спрэчныя пытанні. □ Кніга С. Русака, .. нягледзячы на спрэчныя мясціны, дае даволі поўнае ўяўленне пра творчасць А. Кулакоўскага. «Полымя».
2. Які з’яўляецца прадметам спрэчкі (у 2 знач.). Хто хутчэй засяваў свой участак — за тым і заставаліся гэтыя спрэчныя дзве баразны. Нікановіч.
спуд 1, ‑у, М ‑дзе, м.
Спалох. Ад спуду, ўроку, ад зрушэння Мне памагаў часінай той Не мудрагелістых жэньшэняў, А беларускіх траў настой... Ляпёшкін. — Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа. Гартны. Ледзь закінеш толькі вуду — не зявай браток: на вадзе, нібы са спуду, дрогне паплавок. Вялюгін.
спуд 2, ‑у, М ‑дзе, м.
Толькі ў выразах: пад спудам — а) у схове, у патаемным месцы. Недзе ж пляснее ў скрынях пад спудам Хараство — ўзоры слуцкай зямлі. Калачынскі; б) перан. пад цяжарам, прыгнётам чаго‑н. Пад спудам царкоўнага засілля; з-пад спуду — а) з патаемнага месца; б) перан. з забыцця. З-пад спуду вырваўшыся, следам Выходзіць праўда на прастор. Аўрамчык.
спу́джаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спудзіць.
2. у знач. прым. Перапалоханы, ахоплены спалохам. Трашчыць у лесе сухое галлё ад спуджаных коней. Каваль. // Які выражае спалох. [Дэлегаты] пачулі спачатку нечыя спуджаныя галасы. Лынькоў.
спу́джвацца, ‑аецца; незак.
Зал. да спуджваць.
спу́джваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да спудзіць.
спу́дзіцца, ‑джуся, ‑дзішся, ‑дзіцца; зак.
Адчуць спалох; напужацца, спужацца. Спудзіўся конь, скочыў убок і стаў на цвёрдае — не праваліўся. Пташнікаў. Перад судом [прадстаўнікі адміністрацыі] стаялі насцярожана. Сёй-той і добра спудзіўся. Шынклер.
спу́дзіць, ‑джу, ‑дзіш, ‑дзіць; зак., каго-што.
1. Спужаўшы, прымусіць пайсці, паляцець, пабегчы адкуль‑н. Над галовамі пралапатала чарада белых галубоў — нехта іх спудзіў. Гурскі. Я чую возера ўсплёскі: То сом прачнуўся на зары І спудзіў шчупака. Броўка. Увайшоў [бегемот] у чаротнік, спудзіў птушак, пачаў там валаводзіцца ды трашчаць. Маўр. Прытаіўся Гушчык, каб ваўка не спудзіць, і чакае ціха, што далей тут будзе. Дубоўка. / у перан. ужыв. Спудзіў трэск аўтаматаў Раніцой цішыню. Смагаровіч. // перан. Прымусіць знікнуць (які‑н. настрой, пачуццё і пад.). Што іх спудзіла сон, Што яны паглядаюць на захад? Танк.
2. Напалохаць, спужаць. І ўвесь народ ураз мятнуўся, І дзядзька наш не аглянуўся, Як і яго людская хваля Нясла бы шчэпку ў перавале. Як бы хто іх тут страшна спудзіў. Колас. — Сватамі дзевак не спудзіш, — засмяялася.. [Аленка] і да мяне [Сені] прытулілася. Кандрусевіч.
спудлава́ць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак.
1. Не трапіць у цэль (страляючы, кідаючы і пад.). Па прывычцы стрэльбу я рыхтую І сачу за ценем [цецерука] паміж дрэў, Хоць, напэўна ведаю, спудлую. Танк.
2. перан. Разм. Зрабіць промах, схібіць. Дагэтуль увогуле шэнціла, найбольшыя хібы .. [Рыбака] міналі; ён разумеў, што галоўнае ў іх партызанскай вайне — не разгубіцца, не спудлаваць, у час прыняць рашэнне. Быкаў.
спу́жаны, ‑ая, ‑ае.
1. Дзеепрым. зал. пр. ад спужаць.
2. у знач. прым. Такі, якога спужалі; спалоханы. Закаркала, зляцеўшы з дрэва, спужаная варона, і ўсё зноў сціхла. Машара. // Які выражае спалох. [Міхась] ўявіў сабе такую ж хатку, з акна якое выглядае такі самы бледны твар, такія самыя спужаныя вочы. Сташэўскі.