памі́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.
1. Дараваць каму‑н. віну; пашкадаваць каго‑н. [Талаш:] — Це памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі. Колас. У Колі ўжо так павялося: нашкодзіў — прасі прабачэння, памілавалі — пачынай зноў! Карпюк. Ты нёс праз гром і ўсе нягоды У цыраваным ранцы мір. І лёс памілаваў — з паходу Прыйшоў, не лёгшы дзесьці ў жвір. Бялевіч.
2. Адмяніць або змякчыць пакаранне асуджанаму. «Прашэнне, Сашанька, падай і цар памілуе... пішы...» — У ціхім голасе адчай, мальба збалелае душы. Вялюгін.
памілава́ць, ‑лу́ю, ‑лу́еш, ‑лу́е; зак., каго-што.
Мілаваць некаторы час.
памільгаце́ць, ‑гачу, ‑гаціш, ‑гаціць; зак.
Мільгацяць некаторы час.
памільга́ць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; зак.
Мільгаць некаторы час.
памі́ма, прыназ. з Р.
Разм. Спалучэнне з прыназоўнікам «паміма» выражае аб’ектныя адносіны: ужываецца для ўказання на прадмет або асобу, без ўдзелу якіх ці незалежна ад якіх што‑н. праходзіць, адбываецца; не прымаючы каго‑, што‑н. пад увагу. І раптам адчуў сябе Ігнась адрэзаным, асобным ад усяго, як бы ў другім свеце, на другой зямлі; усё стала як бы па-за яго істотаю: вось робіцца ўсё на свеце паміма яго, далёка ад яго. Чорны. Спачатку слова «наша» ішло неяк паміма яго думак, адскоквала ад сялянскага сэрца, як гарох ад сцяны — нешта нязвычнае, новае. Бядуля. І зноў цэлы рад вобразаў выплывае ў памяці паміма яго [Лабановіча] волі, і сэрца шчыміць болем утраты. Колас.
памі́н, ‑у, м.
Дзеянне паводле дзеясл. памінаць (у 2 знач.).
•••
Няма (і) ў паміне гл. няма.
паміна́льнік, ‑а, м.
Сшытак або кніжка са спісам для памінання ў царкве. // Разм. жарт. Наогул кніжка для запісаў чаго‑н. для памяці.
паміна́льны, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да памінання. Памінальны стол. Памінальны спіс.
паміна́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле дзеясл. памінаць (у 2, 3 знач.).
паміна́цца, ‑аецца; незак.
Зал. да памінаць.