памі́лаваць, ‑лую, ‑луеш, ‑луе; зак., каго-што.
1. Дараваць каму‑н. віну; пашкадаваць каго‑н. [Талаш:] — Це памілуе вас пан, прыпомніць кожны дубок, высечаны ў лесе, рагач, што выкапалі вы для сахі. Колас. У Колі ўжо так павялося: нашкодзіў — прасі прабачэння, памілавалі — пачынай зноў! Карпюк. Ты нёс праз гром і ўсе нягоды У цыраваным ранцы мір. І лёс памілаваў — з паходу Прыйшоў, не лёгшы дзесьці ў жвір. Бялевіч.
2. Адмяніць або змякчыць пакаранне асуджанаму. «Прашэнне, Сашанька, падай і цар памілуе... пішы...» — У ціхім голасе адчай, мальба збалелае душы. Вялюгін.
памілава́ць, ‑лу́ю, ‑лу́еш, ‑лу́е; зак., каго-што.
Мілаваць некаторы час.
Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)