крыўдлі́вы, ‑ая, ‑ае.
Які лёгка крыўдзіцца, бачыць крыўду там, дзе яе няма. Чалавек я па сваёй натуры не крыўдлівы, даваў кожнаму, хто толькі таго хацеў, у ахвоту пасмяяцца з сябе і са сваёй пісаніны... Сачанка. // Поўны крыўды, які выражае крыўду. Крыўдлівы позірк. □ На яго вачах выступаюць крыўдлівыя слёзы. Бядуля.
кры́ўдна,
1. Прысл. да крыўдны.
2. безас. у знач. вык., звычайна каму. Пра пачуццё крыўды, якое зведвае хто‑н. Леанід пачырванеў, заблішчэлі слёзы — было сорамна перад таварышамі і крыўдна, што яму не вераць. Шахавец.
кры́ўдны, ‑ая, ‑ае.
Які заключае ў сабе крыўду, прычыняе каму‑н. крыўду. Крыўдныя словы. Крыўдная недаверлівасць. □ Цераз вуліцу пракульгаў Каліткаў Валадым, празваны крыўднаю мянушкаю. Вітка.
крыўля́ка, ‑і, ДМ ‑у, Т ‑ам, м.; ДМ ‑ляцы, Т ‑ай, ж.
Разм. Той, хто крыўляецца, паводзіць сябе ненатуральна. — Мой брат. Уладзіслаў. Ён добры, толькі крыўляка. Шамякін.
крыўля́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. крыўляцца.
крыўля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.
Рабіць ненатуральныя рухі цела, грымасы. [П’яны] непрыстойна крыўляецца, штурхаецца, як паяц, прытанцоўвае. Мележ. // Весці сябе ненатуральна, манернічаць. Але добры раманс гучэў ненатуральна: Рая «крыўлялася», голас яе дрынчэў, ламаўся. Шамякін.
крыха́, ‑і, ДМ крысе, ж.
Нязначная колькасць, маленькая часцінка чаго‑н. Крыха поля ля дому была абы-як, дрэнна выраблена. Чорны.
крыху́, прысл.
1. У невялікай колькасці; трошкі, нямнога. Выпіць крыху вады. Адрэзаць крыху хлеба.
2. Чуць-чуць; у нязначнай ступені. Пужліва-варожы змрок крыху расступіўся, парадзеў. Колас. Міколка прасіў дзеда даць яму паднесці пісталет, каб крыху ён, дзед, адпачыў. Лынькоў.
кры́цца, крыюся, крыешся, крыецца; незак.
1. Разм. Хавацца, знікаць. З прастораў, што крыліся пад туманам, з таго мігатлівага зарава, якое прамяністым вянком ззяе цяпер над кожнай вёскай, да Андрэя прыйшлі словы: «Змагацца трэба не за мінулае, а за будучае». Пестрак.
2. Заключацца ў чым‑н., адкрыта не праяўляючыся; таіцца, хавацца. Небяспека была сапраўднай — яна крылася ў кожным слове, у кожным руху гэтых людзей. Самуйлёнак.
3. Зал. да крыць (у 1, 2 знач.).
крыццё, ‑я, н.
1. Дзеянне паводле дзеясл. крыць (у 1 знач.). Крыццё дамоў. Крыццё даху.
2. Матэрыял, якім крыюць. — Мяккага дахавага крыцця — 50 000 квадратных метраў. Дадзіёмаў.