Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спаўзці́ся, ‑зецца; ‑зёмся, ‑зяцеся, ‑зуцца; пр. споўзся, спаўзлася, ‑лося; зак.

Паўзучы, сабрацца разам, у адно месца; наблізіцца адзін да другога. Рэдкія хмары спаўзліся.. над палеткамі. Мурашка.

спаўна́, прысл.

Поўнасцю, цалкам. Васіль Вітка сплачвае свой доўг спраўна і спаўна, як сын народа, грамадзянін, камуніст. Юрэвіч. Навошта хлопца папракаць, напамінаць яму, калі ён спаўна атрымаў пакаранне за сваё тое мінулае. Кавалёў.

спаўня́цца, ‑яецца.

Незак. да споўніцца.

спахапі́цца, ‑хаплюся, ‑хопішся, ‑хопіцца; зак.

1. Раптоўна ўспомніць пра што‑н.; раптам заўважыць памылку, недагляд і пад. [Карпенка] спахапіўся, што не паставіў па планцы прыцэл. Быкаў. Мікалай Яўсеевіч толькі цяпер спахапіўся, што нікога яшчэ не віншаваў з наступаючым Новым годам. Кавалёў. — Запражыце майго каня, — загадаў Мікалай Мікалаевіч, але спахапіўся і мякка паправіўся, — калі ласка. Грахоўскі.

2. Падхапіцца, схамянуцца. Алаіза так захапілася сваёй работай, што не звярнула ўвагі па грукат лесвіцы і спахапілася толькі тады, калі пастукалі ў дзверы. Арабей.

спахапля́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца.

Незак. да спахапіцца.

спахмурне́ласць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан спахмурнелага. Твар у Яраша змяніўся: зніклі складкі іранічнай усмешкі каля рота, спакой, задаволенасць, з’явілася спахмурнеласць і пакута, быццам чалавеку штосьці забалела раптам. Шамякін.

спахмурне́лы, ‑ая, ‑ае.

1. Які зрабіўся хмурным, змрочным (пра з’явы прыроды). Я сядзеў ля адчыненага акна і з надзеяй пазіраў на спахмурнелае неба: хоць бы адзін прасвет. Шыловіч.

2. Які стаў панурым, сумным (пра чалавека). Спахмурнелы Турсевіч сядзеў і слухаў. Колас. Па раптам спахмурнелым.. [Алесевым] твары Нікіфаровіч здагадаўся, што нешта нядобра. Броўка.

спахмурне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Зрабіцца хмурным, змрочным (пра з’явы прыроды). Неба спахмурнела. □ Дзень, які радаваў святлом і сонцам, к паўдню спахмурнеў. Якімовіч. Дзвіна ў момант спахмурнела. Хадкевіч. / у безас. ужыв. А за варотамі раптам спахмурнела. Васілевіч.

2. Стаць хмурным, панурым, сумным (пра чалавека). Яшчэ ўдзень.. [Алена] заўважыла, як спахмурнела Марына Міхайлаўна, чытаючы запіску. Паслядовіч. Алена раптам зрабілася задумлівай, твар яе спахмурнеў. Сабаленка. Нечакана я заўважыў, як спахмурнелі яго [Дзянісава] вочы. Гамолка.

спахо́плівацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца.

Незак. да спахапіцца.

спахо́плівы, ‑ая, ‑ае.

Які хутка рэагуе на што‑н.; жвавы, здагадлівы. Спахоплівы хлопец.