цудадзе́йнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць цудадзейнага. [Іван Сцяпанавіч:] — Праўда, якой-небудзь цудадзейнасці ў .. [дзівасіле] няма, але ёсць багата розных хімічных рэчываў, уласцівых толькі яму аднаму. Дубоўка.
цудадзе́йны, ‑ая, ‑ае.
1. Незвычайнай сілы ўздзеяння; чарадзейны; жыватворны. Для Коласа, напрыклад, вельмі важна высветліць вытокі мастацтва, той цудадзейнай сілы, што мае такую вялікую ўладу над людзьмі. Навуменка. Маці папрасіла, каб гэты цудадзейны ўрач паглядзеў яе сыночка. Мележ.
2. Чароўны, вельмі прыгожы. Рукі.. [Ніны] насіліся ў адзін, у другі бок, скакалі па клавішах, білі, і струны адказвалі на кожны яе рух цудадзейнымі гукамі. Лобан.
цудатво́рац, ‑рца, м.
1. Той, хто творыць, робіць цуды (у 1 знач.). А ў кутку абразы цудатворцаў, Даўн[о] ад дыму сляпых. Танк.
2. Той, хто творыць, робіць што‑н. дзівоснае, надзвычайнае.
цудатво́рны, ‑ая, ‑ае.
1. Які творыць, робіць цуды (у 1 знач.). Цудатворны абраз.
2. Кніжн. Які робіць што‑н. незвычайнае, такое, што выклікае здзіўленне. Цудатворны ўплыў.
цудо́ўна,
1. Прысл. да цудоўны.
2. безас. у знач. вык. Пра надзвычай прыгожае наваколле, прыемную абстаноўку. Гэта было цудоўна: і лес, і гарадок, як на далоні, і яна, Марынка, побач. Шыцік. А на возеры было цудоўна! Ваданосаў.
3. у знач. часціцы. Ужываецца як вокліч са значэннем: вельмі добра, выдатна. Партызан аж зажмурыўся, потым ізноў адплюшчыў вочы і ўбачыў бліскучую снарадную гільзу! Гільза! Цудоўна! Зуб.
цудо́ўны, ‑ая, ‑ае.
1. Які з’яўляецца цудам (у 1 знач.), робіць цуды (у 1 знач.). І стаў Іванка.. на цудоўнай дудцы іграць. Якімовіч.
2. Вельмі добры; выдатны, адмысловы. Цудоўны будынак. Цудоўнае надвор’е. □ На дварэ была цудоўная летняя ноч. Чарнышэвіч. // Які вылучаецца высокім майстэрствам, незвычайным талентам. [Клава:] — Я ўпэўнена, што .. [Праменны] цудоўны паэт, а вы [Язва] яму зайздросціць. Крапіва. // Вельмі добры па характару, паводзінах і пад. (пра чалавека). — Дарэчы, яна не раўнуе, што ты бываеш... у мяне? — Здаецца, не. — Мне таксама здаецца, што не. Твая Люся — цудоўная жанчына. Разумніца. Светлая галава. Васілёнак. [Аня:] — Каб вы [Казанцаў] ведалі, які цудоўны чалавек мой муж! Васілевіч.
3. Незвычайна прыгожы; маляўнічы. У Веры Засуліч цудоўныя пышныя валасы цёмна-каштанавага колеру. Зарэцкі. Струменьчык вады.. пераліваецца цудоўнай вясёлкай. Даніленка. // Цікавы, захапляючы. Цудоўная казка зноў захапіла ўяўленне хлопчыка. Шыловіч.
4. Прыемны; дзіўны. Цудоўны водар. □ Цудоўны пах расцвітаючых ліп ліўся з парку. Чарнышэвіч. // Мілагучны (пра голас, гукі). Цудоўны голас. Цудоўныя спевы. □ Я сяджу на высокім узгорку і слухаю гэтую цудоўную сімфонію вясны. Ігнаценка.
5. Небывалы, нябачаны. Бульба парасла цудоўная: ядраная, буйная — адна ў адну. «Беларусь».
6. Жыватворны, цудадзейны. Хто спеў хоча скласці такі, Каб песня душу акрыляла, — Напіся з цудоўнай ракі: Рака гэта Янка Купала. Бялевіч.
цу́кар, ‑кру, м.
1. Пажыўны харчовы прадукт, белае крышталічнае рэчыва, салодкае на смак, якое вырабляецца з цукровых буракоў або цукровага трыснягу. Людзі вараць і спажываюць варэнне, п’юць чай. Усяму аснова — цукар. Пестрак. [Зыгмусь] рэжа і кладзе на сподак лімон і пасыпае цукрам. Чорны.
2. мн. цукры́, ‑о́ў. Спец. Назва рада арганічных злучэнняў, пераважна з групы вугляводаў.
3. перан. Разм. Пра што‑н. прыемнае на смак, смачнае. // Пра таго, хто прыносіць асалоду. [Хлор:] — Цукар — не дзяўчына, .. ружачка пахучая... Гартны.
•••
Посны цукар — сорт цукерак з цукру з фруктовымі сокамі.
[Ад ням. Zucker.]
цу́карнік, ‑а, м.
Разм. Работнік цукровай прамысловасці.
цу́карніца, ‑ы, ж.
Пасуда для цукру — прадмет чайнага сервіза. Шкляная цукарніца апусцела, а Халуста наліваў трэці кубак... Чарнышэвіч.