Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

са́льта-марта́ле, нескл., н.

Акрабатычны скачок з пераваротам у паветры цераз галаву. // перан. Пра рэзкую перамену ў дзеяннях, учынках. Завод для.. [стажораў] — замест трампліна. Адбудуць сваё, зробяць сальта-мартале, і толькі бачылі іх. Карпаў.

[Іт. saltomortale.]

сальфе́джыо, нескл., н.

1. Вакальнае практыкаванне — спяванне нот з вымаўленнем іх назваў.

2. Вучэбная дысцыпліна, прызначаная для развіцця музыкальнага слыху, голасу.

[Іт. solfeggio.]

сальфеджы́раванне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. сальфеджыраваць.

сальфеджы́равацца, ‑руецца; незак.

Выконвацца як сальфеджыо (у 1 знач.).

сальфеджы́раваць, ‑рую, ‑руеш, ‑руе; незак.

Пець сальфеджыо; пець як сальфеджыо (у 1 знач.).

са́льца, ‑а, н.

Разм. Памянш. да сала. [Мацвей:] — Закусвай, Андрэй. Бяры скварку, гэта сальца добрае, маладое. Лобан.

сальцісо́н, ‑а, м.

Каўбасны выраб з спрасаваных вараных субпрадуктаў (здробненых кавалачкаў мяса з свіной галавы, печані, языка і пад.).

[Фр. saucisson.]

сальцісо́нчык, ‑а, м.

Памянш.-ласк. да сальцісон.

салю́т, ‑у, М ‑люце, м.

1. Урачыстая форма прывітання або аддача пашаны каму‑, чаму‑н. ружэйнымі або артылерыйскімі залпамі, падняццем ці апусканнем сцяга і пад. Артылерыйскі салют. Развітальны салют. □ І ва ўсіх нас ёсць Радзіма, Што імёны нашы помніць І салюта громам гулкім Паўтарае з году ў год. Танк. І пачуў у той дзень ён [хлопчык] салют Перамогі, Што ў Маскве прагучаў, скалыхнуў увесь свет. Прыходзька.

2. Піянерскае прывітанне, якое выражаецца ў падняцці над галавой правай рукі. Піянеры застылі ў стройных шарэнгах, падняўшы рукі ў піянерскім салюце. «Маладосць». // Разм. Прывітанне пры сустрэчы з кім‑н. — Салют брыгадзіру! — выгукваў Марцін, падымаючы руку ў знак прывітання. Хадкевіч. — Салют, — казырнуўшы, .. [Сашка] павіншаваў тых, хто стаяў у калідоры. Гроднеў.

•••

Салют нацый — салют звычайна з 21 гарматнага залпа пры сустрэчы кіраўнікоў замежных дзяржаў.

[Фр. salut.]

салютава́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. салютаваць.