ука́пвацца, ‑аюся, ‑аешся, ‑аецца; незак.
1. Незак. да ука́пацца.
2. Зал. да укапваць.
ука́пваць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае.
Незак. да ука́паць.
укаране́лы, ‑ая, ‑ае.
1. Які пусціў глыбока карэнне.
2. перан. Які трывала замацаваўся дзе‑н., атрымаў шырокае распаўсюджанне (пра погляды, звычаі і пад.). Укаранелыя звычкі.
укаране́нне, ‑я, н.
Дзеянне паводле знач. дзеясл. укараняць — укараніць і стан паводле знач. дзеясл. укараняцца — укараніцца. Укараненне перадавой тэхнікі.
укаране́ць, ‑ее; зак.
Разм.
1. Пусціць глыбока карэнне.
2. перан. Трывала замацавацца дзе‑н., атрымаць шырокае распаўсюджанне (пра погляды, звычаі і пад.). [Шэмет:] — Ты яшчэ [Мацвей] малады, яшчэ можна ўсё што хочаш з сябе зрабіць. А з гадамі таго, што ўкаранее, калом не выб’еш. Лобан.
укаранёны, ‑ая, ‑ае.
Дзеепрым. зал. пр. ад укараніць.
укарані́цца, ‑ранюся, ‑рэнішся, ‑роніцца; зак.
1. (1 і 2 ас. не ўжыв.). Пусціць глыбока карэнне, добра ўрасці ў зямлю. Пагукваў дзядзька ўжо на полі І ткаў сахою кросны-ролі, Ды пырнік так укараніўся, Што дзядзька з конікам таміўся. Колас.
2. (1 і 2 ас. не ўжыв.); перан. Трывала замацавацца, атрымаць шырокае распаўсюджанне, увайсці ў звычай, звычку. У калгасе ўкараніўся строгі парадак ва ўсім. Дуброўскі. Як аграном, Мікалай Аляксеевіч добра бачыў тыя недахопы, якія ўкараніліся ў гаспадарцы. Навуменка. Яго звычка, што ўкаранілася яшчэ ў тыя часы, калі ён [Сцяпан Фёдаравіч] камандаваў ротай ці батальёнам, — быць у самым пекле бою. Мележ.
3. Асталявацца дзе‑н., умацаваць сваё становішча. [Генадзь] уладзіў .. [Вікторыю] працаваць на тэлебачанне і чакаў, калі яна там укарэніцца, каб звязаць з ёй сваё жыццё. Сабаленка.
укарані́ць, ‑раню, ‑рэніш, ‑раніць; зак., што.
1. Пасадзіўшы, даць прарасці, умацавацца каранямі ў глебе. Укараніць атожылкі.
2. перан. Садзейнічаць трываламу замацаванню чаго‑н. у практыцы; заставіць што‑н. увайсці ў быт, свядомасць і пад. Укараніць гаспадарчы разлік. □ Прапанову наладчыка ўхвалілі і ўкаранілі ў вытворчасць. «Звязда».
укараня́цца, ‑яецца; незак.
1. Незак. да укараніцца.
2. Зал. да укараняць.
укараня́ць, ‑яю, ‑яеш, ‑яе.
Незак. да укараніць.