Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

лёнатраста́,

гл. ільнотраста.

лёнаўбо́рачны,

гл. ільноўборачны.

лёнацерабі́лка,

гл. ільноцерабілка.

лёнацерабі́льны,

гл. ільноцерабільны.

лёнацерабі́льшчыца,

гл. ільноцерабільшчыца.

лёначаса́льны,

гл. ільночасальны.

лёпаць, ‑аю, ‑аеш, ‑ае; незак.

Разм.

1. З шумам удараць, біць па чым‑н. мяккім або чым‑н. мяккім; шлёпаць; ляпаць. Мокрыя сінія штаны лёпалі па нагах так гучна, нібы хто-небудзь біў па голым целе далон[ню]. Навуменка. Босыя ногі мякка лёпаюць па вільготнай зямлі. Мурашка.

2. перан. Груб. Гаварыць што‑н. недарэчнае, нетактычнае. [Міхал:] — Маўчаў бы лепш ды хоць шалопаў Ды менш губою гэтай лёпаў... Колас.

лёпнуць, ‑ну, ‑неш, ‑не; зак.

Аднакр. да лёпаць.

лёс 1, ‑у, м.

1. Ход падзей, якія складваюцца незалежна ад волі чалавека; збег акалічнасцей. [Ігнат:] — Калі ўжо лёс звёў нас у адзін гурт, я іменем партыі патрабую дысцыпліны. Мікуліч. Добры лёс паслаў .. [Крамарэвічу] чалавека з душой і розумам. Чорны.

2. Доля. Людскі лёс. Жаночы лёс. □ Бацькам маім нялёгкі выпаў лёс: Яны ў баях нам здабывалі волю. Свірка.

3. Развіццё чаго‑н.; далейшае існаванне, будучыня. Гістарычны лёс нацыі. Лёс чалавецтва. □ Непакой за лёс разведчыкаў ахапіў усю роту. Васілёнак. Атрад зрабіў круты і раптоўны паварот на паўднёвы ўсход, назад, у глыб пушчы. Гэты круты паварот ледзь не стаў паваротам у лёсе атрада. Брыль. Косцік ляжаў.. і не ведаў, што сёння вырашаецца яго лёс. Баранавых.

•••

Іронія лёсу гл. іронія.

На волю лёсу гл. воля.

лёс 2, ‑у, м.

Глебаўтваральная рыхлая горная парода светла-жоўтага колеру; жаўтазём.

[Ням. Löss.]

лёсавы, ‑ая, ‑ае.

Які складаецца з лёсу ​2, са слоем лёсу. Лёсавыя глебы. Лёсавае плато.