Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

кварта́л, ‑а, м.

1. Чацвёртая частка года (3 месяцы). Першы квартал. Чацвёрты квартал.

2. Частка горада, абмежаваная некалькімі перакрыжаванымі вуліцамі. Жылыя кварталы. □ У новых кварталах усё зроблена для таго, каб чалавек мог добра, зручна жыць... Мележ. // Разм. Частка вуліцы паміж двума скрыжаваннямі. Прайсці два кварталы.

3. Разм. Аддзяленне гарадской паліцыі ў дарэвалюцыйнай Расіі.

4. Спец. Адзін з квадратных участкаў, на якія разбіваецца лес.

[Ням. Quartal з лац.]

кварта́льны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да квартала. Квартальны план. Квартальны ўчастак. Квартальная кацельная. Квартальная прасека.

2. у знач. наз. кварта́льны, ‑ага, м. Разм. Тое, што і квартальны наглядчык (гл. наглядчык).

квартэ́т, ‑а, М ‑тэце, м.

1. Ансамбль з чатырох выканаўцаў (спевакоў або музыкантаў). Бакальны квартэт. Струнны квартэт.

2. Музычны твор для чатырох інструментаў або для чатырох галасоў.

[Іт. quartetto.]

квартэ́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да квартэта, прызначаны для яго. Квартэтная музыка.

кварц, ‑у, м.

1. Вельмі распаўсюджаны ў зямной кары мінерал, які сустракаецца ў выглядзе крышталяў і суцэльнай зярністай масы; двухвокіс крэмнію. Звычайны кварц. Слюдзяны кварц.

2. Разм. Абпраменьванне кварцавай лямпай з лячэбнымі мэтамі. Назначыць кварц. Лячыць кварцам.

[Ням. Quarz.]

ква́рцавы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да кварцу, змяшчае ў сабе кварц. Кварцавыя пароды. Кварцавы пясок.

•••

Кварцавая лямпа гл. лямпа.

кварцы́т, ‑у, М ‑цыце, м.

Горная парода, якая складаецца пераважна з кварцу. Крышталічны кварцыт.

[Ням. Quarzit.]

квас, ‑у, м.

1. Кіславаты напітак, прыгатаваны на вадзе з хлеба, сухароў або жытняй мукі з соладам. Хлебны квас. □ [Сынклета Лукінічна] прынесла поўны гладыш пахучага пеністага квасу. Шамякін. Прыемна пахне хлебны квас Ад рошчыны ў дзяжы. Хведаровіч. // Шыпучы напітак з вады і ягад, фруктаў або мёду.

2. Абл. Кіслая страва з буракамі, грыбамі і інш., гатаваная на гэтым напітку. [Пніцкі] прысеў да нізенькага стала, пасёрбаў з гаршка ўчарашняга квасу з грыбамі. Чорны.

•••

Перабівацца з хлеба на квас гл. перабівацца.

квасава́рны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да варкі квасу (у 1 знач.). Квасаварны цэх.

квасава́рня, ‑і, ж.

Прадпрыемства, дзе вараць квас (у 1 знач.). Пабудавана новая квасаварня.