жалу́дачак, ‑чка, м.
Частка сэрца, якая сваімі скарачэннямі абумоўлівае рух крыві па крывяноснай сістэме.
жалудо́вы, ‑ая, ‑ае.
Які мае адносіны да жолуда. Жалудовая шкарлупіна. // Прыгатаваны з жалудоў. Жалудовы кофе.
жаль, ‑ю, м.
1. Пачуццё жаласці, спагады, выкліканае чыёй‑н. пакутай, няшчасцем. Стэфка глядзіць на хворага з жалем у вачах. Бядуля. Пачуццё жалю да пакрыўджанага лёсам хлопца перарастае ў пачуццё кахання. Шкраба.
2. Пачуццё горычы, смутку, тугі з прычыны страты каго‑, чаго‑н. Мацярынскі жаль. □ Марыля была ціхая, пакорная работніца і жаль свой дзявочы хавала глыбока. Брыль.
3. Пачуццё засмучэння, шкадавання. Не варта абуджаць у сэрцы тое, што перагарэла, адышло і пакінула толькі пачуццё жалю аб незваротным. Дуброўскі. — Грыб вунь растаптала, — з жалем сказаў Андрэй і паказаў на збіты нагой чорны баравік. Скрыпка.
•••
На (вялікі) жаль (у знач. пабочн.) — ужываецца, каб выказаць шкадаванне з прычыны чаго‑н.
жа́льба, ‑ы, ж.
1. Смутак, туга, бедаванне. «Вось і ўсё, — з жальбай паглядзеўшы на школу, падумала былая настаўніца, — больш мне сюды ніколі не прыйсці, не сустрэцца з гаманлівай дзетварой». Шчарбатаў. Шчырасць бабулі і гэтыя яе слёзы ўзрушылі Андрыяна. Нейкая жальба падступала да горла, перашкаджала гаварыць. Марціновіч.
2. Скарга, нараканне. Здаецца, усё разумее Люба, але больш маўчыць, як бы носіць у сабе затоеную жальбу і крыўду на кагосьці, вядомага толькі ёй. Пестрак.
жальбава́ць, ‑бую, ‑буеш, ‑буе; незак.
Разм. Сумаваць, тужыць па кім‑, чым‑н. Не жальбую пра мінулы час я, адкаснецца ад мяне сумота. Дубоўка.
жалюзі́, нескл., н.
Мнагастворчатыя аканіцы, а таксама шторы са звязаных паміж сабой пласцінак, якія скарыстоўваюцца для рэгулявання светлавой і паветранай плыні. Мы заўважылі, што вокны многіх кватэр былі і ўдзень цёмныя, закрытыя жалюзі — гэта, сказалі нам, вокны парыжан, што пакінулі горад, выехалі на адпачынак. Мележ.
[Фр. jalousie.]
жаля́зка, ‑а, н.
1. Разм. Лязо гэбля, фуганка, барана і пад. — Цэх план дае, дык якая гаворка пра стамескі, жалязкі, — садзіцца на крэсла і смяецца начальнік. Мыслівец.
2. Абл. Прас, які награваюць на агні. Учора [маці] прасавала мне кофту і жалязкам пляму іржавую пасадзіла!.. Карпюк.
жалязне́нне, ‑я, н.
1. Гальванічнае пакрыццё металічных вырабаў жалезам. Жалязненне клішэ.
2. Асобая (спецыяльная) апрацоўка бетоннай паверхні цэментным растворам для павышэння яе воданепранікальнасці і трываласці.
жалязня́к 1, жалезняку, м. (толькі з азначэннем).
Жалезная руда. Буры жалязняк. Чырвоны жалязняк. Магнітны жалязняк.
жалязня́к 2, жалезняка, м.
Абл. Рыдлёўка. — Поле сваё яна жалезняком ускапала? Ускапала... Зямлянку сабе зрабіла? Зрабіла... Сачанка.