дзірако́л, ‑а, м.
Разм. Канцылярская прылада для прабівання круглых дзірак у паперы.
дзі́рачка, ‑і, ДМ ‑чцы; Р мн. ‑чак; ж.
Памянш. да дзірка (у 1 знач.); невялікая дзірка. Тысячы шчылінак і дзірачак загараліся на сонцы, і ўсё гумно налівалася бліскучымі патокамі святла, зіхцела, жыло і ззяла ў залатых праменнях. Колас.
дзірва́н, ‑у, м.
1. Тое, што і дзёран. Каб наварыць ландышы сёння, Слава яшчэ ўвосень выкапаў іх у лесе разам з дзірваном. Хомчанка. Зверху скляпенне было прысыпана зямлёй і абложана дзірваном. Колас.
2. Нявораная зямля, густа парослая травой. Выходзяць на поле плугі, Ўзнімаюць плугі дзірваны. Купала. Палі ўсё яшчэ ляжалі шырокімі, даўно не кранутымі дзірванамі, суха шасцелі пераспелым пустазеллем. У першыя гады пасля вызвалення ў калгасе.. не хапала сілы падняць гэты далёкі заляжалы дзірван. Шамякін.
[Літ. dirvonas.]
дзірване́ць, ‑ее; незак.
Зарастаць травой, пакрывацца дзёрнам, дзірваном (у 1 знач.). На пясках з’яўляецца травяная расліннасць, пясок дзірванее. Чорны. Дзірванела пакінутая багатымі фальваркоўцамі зямля. Бажко.
дзірвані́сты, ‑ая, ‑ае.
Пераплецены каранямі травы; пакрыты дзірваном. Дзірваністая глеба. □ Перад уяўленнем паўстае дзірваністы ўзмежак з вялізным і густым кустом шыпшыны. Марціновіч.
дзі́рка і дзю́рка, ‑і, ДМ ‑рцы; Р мн. ‑рак; ж.
1. Адтуліна, шчыліна, праём у чым‑н. Пракруціць дзірку. □ Міколку здаецца, што праходзіць цэлая гадзіна, пакуль удаецца яму падняць адзін канец гэтай дошкі і прасунуць у дзірку галаву. Лынькоў. У хляве — гуляй у жмуркі, Толькі свецяць трохі дзюркі. Крапіва. // Разадранае, праношанае месца ў адзенні, абутку. Стары Мікіта зняў сваю кепку, — такую пакамечаную і з дзіркамі, нібы яе пажавала карова, — і прывітаўся. Брыль.
2. Разм. Пра глухое, далёкае ад культурных цэнтраў месца, населены пункт. Як і ўяўляў Туго Глівіц, мястэчка аказалася звычайнай захалуснай дзіркай. Навуменка.
3. перан. Пра тое, што патрабуе выдаткаў; пільная патрэба. Ну, скажам, на дрывах я падзараблю, але ж і дзірак шмат на гэтыя грошы. Чарнышэвіч.
•••
Ад усіх дзірак затычка гл. затычка.
Дзірка ад абаранка — нічога, пустое месца.
Дзірка на дзірцы — увесь у дзірках, зусім падраны; многа дзірак на чым‑н.
Заткнуць дзірку гл. заткнуць.
(Патрэбен) як у мосце дзірка — пра што‑н. зусім непатрэбнае.
дзіркава́ты, ‑ая, ‑ае.
Разм. З многімі дзіркамі.
дзі́ўна,
1. Прысл. да дзіўны (у 1 знач.).
2. безас. у знач. вык. Незвычайна, выклікае здзіўленне. [Юрыю] самому потым дзіўна было, як гэта шпарка ўсё адбылося. Чорны. Як гэта хораша й дзіўна Вокам абняць далячынь. Звонак.
дзі́ўнасць, ‑і, ж.
Уласцівасць дзіўнага (у 1 знач.). Сваёю дзіўнасцю гэты вобраз міжвольна прыцягваў да сябе ўвагу публікі. Гартны.