Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

бізо́навы, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да бізона.

бізу́н, ‑а м.

1. Плецены з раменных палосак арапнік або вітая з ільну, канапель пуга. Сяргейка забег наперад статку, ляснуў бізуном і працягла, як гэта рабіў дзед Патап, закрычаў: — Куды-ы! Хомчанка, — і што? — Міхась насцеражыўся, і рука яго з бізуном, якім збіраўся сцебануць каня, застыла ў паветры. Сіўцоў. // Уст. Сродак экзекуцыі. Пакараць бізунамі. □ Дзе бізуны свісталі, там песні звіняць. З нар.

2. Удар бізуном. Даць дваццаць пяць бізуноў.

3. Сімвал грубай сілы, прымусу. Узнімаюць плугі дзірваны. Ні пана няма, ні слугі, Не гоняць народ бізуны. Купала.

•••

Голы як бізун гл. голы.

Зарабіць бізуна гл. зарабіць.

Прасіць бізуна гл. прасіць.

Схапіць бізуна гл. схапіць.

Усыпаць бізуноў гл. усыпаць.

біквадра́тны, ‑ая, ‑ае.

У выразе: біквадратнае ўраўненне гл. ураўненне.

бікі́ні, нескл., н.

Вельмі адкрыты жаночы купальны касцюм.

[Ад геагр. назвы.]

бікла́га, ‑і, ДМ ‑лазе, ж.

Невялікая драўляная ці металічная пасудзіна для вады. Неадлучны спадарожнік касца — круглая дубовая біклага. Жычка. Хтосьці прынёс на сенажаць біклагу вельмі добрага хлебнага квасу. Чорны. // Невялікая металічная пасудзіна, якая з’яўляецца прадметам салдацкай амуніцыі. Адкуль трапіла салдацкая біклага сюды, на возера? Гамолка. На поясе ў.. [Міколы] віселі біклага і кінжал. Новікаў.

бікфо́рдаў, ‑дава.

У выразе: бікфордаў шнур гл. шнур.

[Ад уласнага імя.]

бі́ла, ‑а, н.

1. Унутраная ўдарная частка звана; язык.

2. Падвешаны кавалак жалезнай палосы, рэйкі, удараючы па якой падаюць сігнал. Балаканне [хлопцаў] перапыніў звон, што разлягаўся па полі з панскага двара. — Дзядзька Мікола ў біла б’е. Час на абед, — ажывіўся Сяргей. Машара.

3. Верхняя скразная жардзіна ў возе, у поручнях лесвіцы, у мосце, верхняя планка ў поручнях ложка. Намыліць кашулю не было чым, і .. [Люба] доўга церла яе рукамі. Развесіла сушыць на біле ложка. Чорны. Самая меншая, Лідачка, падымаецца на дыбачкі, каб цераз біла калыскі ўбачыць Васілька. Пальчэўскі.

4. Назва ўдарных частак прылад і машын. Біла маслабойкі. Біла трапальнай машыны.

білабія́льны, ‑ая, ‑ае.

Тое, што і губна-губны.

[Лац. bis — двойчы і labialis — губны.]

біле́т, ‑а, М ‑леце, м.

1. Дакумент, які дае права праезду, уваходу, карыстання чым‑н., атрымання чаго‑н. (часцей за плату). Білет [у Лены] быў на руках, але да цягніка аставалася многа часу, і трэба было як мага разумней скарыстаць яго. Скрыган. [Базыль:] — Трэба пайсці ў праўленне, унесці адпаведную суму грошай і выпісаць [лесарубны] білет. Сіняўскі.

2. Дакумент, які сведчыць аб прыналежнасці каго‑н. да палітычнай або грамадскай арганізацыі. Партыйны білет. Прафсаюзны білет. Камсамольскі білет. // Дакумент, які сведчыць пра адносіны яго ўладальніка да якіх‑н. абавязкаў, навучальнай установы і пад. Ваенны білет. Студэнцкі білет. Адпускны білет.

3. Лісток з пытаннямі для тых, хто трымае экзамен. [Вера] і Валодзя разам увайшлі ў аўдыторыю, разам узялі білеты. Арабей.

•••

Банкаўскія білеты — крэдытныя знакі грошай, якія выпускаюцца эмісійнымі банкамі і замяшчаюць металічныя грошы ў якасці сродку абароту і плацяжу.

Белы білет — пасведчанне аб вызваленні ад ваеннай службы.

Воўчы білет (пашпарт) — у царскай Расіі: дакумент з адзнакай паліцыі пра палітычную ненадзейнасць яго ўласніка, які закрываў доступ у дзяржаўныя, навучальныя і інш. ўстановы.

Жоўты білет — пашпарт на жоўтым бланку, які ў дарэвалюцыйныя часы выдаваўся прастытуткам.

Зваротны білет — білет, які дае права на праезд у два канцы, туды і назад.

Казначэйскія білеты — а) у капіталістычных краінах — назва неразменных на каштоўныя металы папяровых грошай, якія выпускаюцца ў абарот фінансавымі органамі дзяржавы апрача эмісійных банкаў; б) у СССР — грашовыя знакі вартасцю ў 1, 3 і 5 рублёў, якія выпускаюцца для размену банкаўскіх білетаў (вартасцю ў 10, 25, 50 і 100 рублёў).

Крэдытны білет (уст.) — папяровы грашовы знак.

Латарэйны білет — картка, лісток, якія даюць права на ўдзел у латарэі.

[Фр. billet.]

біле́тны, ‑ая, ‑ае.

Які мае дачыненне да білета, прызначаны для продажу білетаў (у 1 знач.). На станцыі .. [Лабановіч] даведаўся дакладна, калі прыходзіць пасажырскі поезд на Мінск і калі адчыніцца білетная каса. Колас.