Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спартклу́б, ‑а, м.

Спартыўны клуб.

спартла́ндыя, ‑і, ж.

Школьныя, піянерскія лагеры, дзе шырока праводзяцца цікавыя спартыўныя заняткі, арганізуюцца спаборніцтвы па рухавых гульнях.

[Ад слоў спартыўны і ландыя — краіна.]

спартсме́н, ‑а, м.

Той, хто сістэматычна або прафесіянальна займаецца спортам. Адменны спартсмен, .. [Віташкевіч] праз які год едзе ў Мінск на лыжныя спаборніцтвы. Кавалёў.

[Англ. sportsman.]

спартсме́нка, ‑і, ДМ ‑нцы; Р мн. ‑нак; ж.

Жан. да спартсмен.

спартсме́нскі, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спартсмена, уласцівы яму.

спарты́ўкі, ‑тывак; адз. спартыўка, ‑і, ДМ ‑тыўцы, ж.

Лёгкія туфлі, прызначаныя для заняткаў спортам.

спарты́ўнасць, ‑і, ж.

Уласцівасць і стан спартыўнага (у 2 знач.). Спартыўнасць фігуры.

спарты́ўны, ‑ая, ‑ае.

1. Які мае адносіны да спорту, звязаны з ім. Спартыўнае спаборніцтва. Спартыўныя гульні. □ Сёння мы слухалі пытанне аб пастаноўцы спартыўнай работы ў калгасах раёна. Пянкрат. // Прызначаны для заняткаў спортам. Спартыўная пляцоўка. Спартыўная форма. □ Скуратаў быў ужо не ў белым гарнітуры, а ў шэрым спартыўным касцюме. Шашкоў. Пры клубе павінна быць і спартыўная зала. Лыжы, гарнітуры, валейбольная сетка, мячы. Ваданосаў.

2. Разм. Які мае якасці, знешні выгляд спартсмена. Спартыўны хлопец.

спа́рынг, ‑у, м.

Трэніровачны бой баксёраў перад спаборніцтвам; вольны бой.

[Англ. sparring.]

спарыння́, ‑і, ж.

Паразітны грыб, што выклікае хваробу злакавых раслін, пры якой у каласах жыта, пшаніцы, ячменю замест зерня ўтвараюцца чорныя ражкі. [Санька] знайшоў на паласе нейкі чорны пылок і сказаў, што гэта расце спарыння, вялікі шкоднік збажыны, што яе трэба знішчаць. Ваданосаў.