Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спараджэ́нне, ‑я, н.

1. Дзеянне паводле знач. дзеясл. спараджаць — спарадзіць.

2. Тое, што ўзнікла, існуе; вынік чаго‑н. Скажуць: але ж і вадзянік, і лясун — спараджэнне чалавечай фантазіі. Што ж, справядліва. М. Стральцоў.

спарадзі́ць, ‑раджу, ‑родзіш, ‑родзіць; зак., каго-што.

1. Нарадзіць на свет падобнага да сябе. [Наста:] Сыне мой, На гора спарадзіла я цябе. Глебка. Спарадзіла чачотачка с[ямё]ра дачок, Спарадзіла невялічка с[ямё]ра малых. Купала.

2. Даць жыццё, існаванне чаму‑н., з’явіцца прычынай узнікнення чаго‑н. Пераход ад эпохі змагання і бітваў да штодзённай працы, па сутнасці, пераход у новы стан спарадзіў праблемы глыбокага ўнутранага характару. «Маладосць». Маштабна-рамантычнае адчуванне зямлі спарадзіла ў А. Куляшова шмат вобразаў. Лойка.

спара́дкаваны, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спарадкаваць.

спара́дкаваць, ‑кую, ‑куеш, ‑куе; зак., каго-што.

Разм. Прывесці ў парадак што‑н.; надаць належны выгляд, давесці да ладу. Заставалася спарадкаваць толькі цыбулю. Шыловіч. Памылі і спарадкавалі пасуду. Кожная рэч у доме старога рыбака цяпер стаяла на вызначаным ёй месцы і, як калісьці пры бабцы Тадоры, зіхацела чысцінёй. Бяганская.

спарады́чнасць, ‑і, ж.

Непастаяннасць праяўлення, узнікнення чаго‑н. Спарадычнасць з’яў.

спарады́чны, ‑ая, ‑ае.

Які праяўляецца непастаянна, неперыядычна; нерэгулярны. Спарадычнае ўжыванне ў якасці назвы метралагічнай гандлёвай адзінкі мае слова аршын, запазычанае з цюркскіх моў і добра вядомае старажытнарускім помнікам. Гіст. лекс. бел. мовы.

[Ад гроч. sporadikos — раскіданы, адзіночны.]

спаражне́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле знач. дзеясл. спаражняць — спаражніць.

спаражні́цца, ‑ражнюся, ‑рожнішся, ‑рожніцца; зак.

1. Стаць пустым, вызваліўшыся ад змесціва. Шклянка за шклянкаю — і бутэлька спаражнілася. Сабаленка.

2. Разм. Выдаліць з арганізма рэшткі ператраўленай ежы.

3. Разм. Пазбавіцца ад цяжарнасці шляхам выдалення плода.

спаражні́ць, ‑ражню, ‑рожніш, ‑рожніць; зак., што.

1. Зрабіць парожнім, пазбавіўшы ад змесціва. Пакуль мы спаражнілі міску, хмара праскочыла і на дварэ зноў прамянілася ліпеньскае сонца і цалавала спелае жытняе валоссе. Сташэўскі. Міход залпам спаражніў пляшку, вылез з-за стала і выцягнуў за руку Галю. Павёў у другі пакой. Сабаленка.

2. Разм. Выдаліць з арганізма рэшткі ператраўленай ежы. Спаражніць жывот.

спаражня́цца, ‑яюся, ‑яешся, ‑яецца; незак.

1. Незак. да спаражніцца.

2. Зал. да спаражняць.