Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спаласка́ць, ‑лашчу, ‑лошчаш, ‑лошча; зак., каго-што.

1. Абмыць, змыць (гразь, бруд і пад.). Ён [паэт] можа перуны выкрасаць з яснага неба, ліўнямі смугу спаласкаць, вясёлкай раку вычарпаць, травамі, дрэвамі заспяваць. Бялевіч.

2. безас. Разм. Пра стан змучанасці, змардаванасці пры паносе. Яго так спаласкала.

спаласну́ты, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спаласнуць.

спаласну́цца, ‑нуся, ‑нешся, ‑нецца; ‑нёмся, ‑няцеся; зак.

Памыцца, змыць з сябе пыл, пот. — Вунь цэлы чыгун цёплай вады за заслонкай, вазьмі ды спаласніся ў ахвоту. Кулакоўскі. // Злёгку абмыцца. — Трохі спаласнёмся, — махнуў рукою Пецька. — Гэтыя дні мы папрацавалі. Мыслівец. // Абліць сябе вадою, акунуцца ў ваду. Нават пад соснамі сонца высушыла апошнюю расу на траве і так прыпякае, што хоць бягом бяжы на Мінскае мора, каб хоць адзін разок нырнуць ці спаласнуцца вадою. Мыслівец.

спаласну́ць, ‑ну, ‑неш, ‑не; ‑нём, ‑няце; зак., каго-што.

Злёгку абмыць; апаласнуць. Шура падбег да вадакачкі, спаласнуў банку вадой — не памагло. Ставер. Саша праспаў ледзь не дзве гадзіны, а калі ўстаў, спаласнуў твар вадой і выйшаў на двор. Навуменка.

спалатне́лы, ‑ая, ‑ае.

Разм. Які стаў бледным, падобным на палатно (ад спалоху і пад.). Спалатнелыя твары здаваліся шэрымі, а вочы глядзелі долу. Грахоўскі. Я стаю спалатнелы, пазіраю на хворага і не ведаю, што мне рабіць. Асіпенка.

спалатне́ць, ‑ею, ‑ееш, ‑ее; зак.

Разм. Стаць бледным, падобным на палатно (ад спалоху і пад.). Немец спалатнеў і пачаў паднімаць рукі ўгору. Грахоўскі. Твар.. [Надзі] зусім спалатнеў, пальцы сутаргава скамечылі хустку, што была накінута на плечы. Шамякін.

спале́нне, ‑я, н.

Дзеянне паводле дзеясл. спаліць (у 1 знач.).

спа́лены, ‑ая, ‑ае.

Дзеепрым. зал. пр. ад спаліць.

спалі́цца, спалюся, спалішся, спаліцца; зак.

Атрымаць апёкі загараючы.

спалі́ць, спалю, спаліш, спаліць; зак.

1. каго-што. Знішчыць агнём што‑н. Пахла дымам — гаркаватым, быццам толькі што тут спалілі анучку. Савіцкі. З будынкаў, што немцы спалілі, Астаўся адзін катушок. Колас. // Зрасходаваць на асвятленне, ацяпленне, у якасці паліва. Але ў хаце было цёпла: спалохаўшыся марозу, бабуля спаліла ў грубцы вялізнае бярэма бярозавых дроў. Брыль. [Міхась] спаліў гаручага значна больш, чым патрэбна было для зробленай колькасці рэйсаў. Кавалёў. // перан. Пагоршыць стан здароўя, сапсаваць настрой, расстроіць (пра хваробу і пад.). Якраз цяпер крызісны стан, і калі не збіць тэмпературы, дык яна б магла .. [Максімку] спаліць. Сабаленка. Гэтая вестка ўжо спаліла яе [Хадосі] нутро. Гроднеў.

2. што. Знішчыць, высушыць спёкай (расліны). — Як там у вас сенажаць? — Травы спаліла засуха. Танк. Чорны град не пасыпле на поле, І не спаліць жыты сухавей. Прыходзька.

3. каго-што. Разм. Атрымаць апёкі ад агню або чаго‑н. гарачага, едкага; апячы. Спаліць руку кіслатой. // Апячы што‑н., загараючы. Паўлік тады моцна спаліў спіну. Скура лупілася цэлымі палосамі. Беразняк. // перан. Пра дзеянне холаду, марозу. Закружыўся паміж дрэў рой таго лісця, якое восень ужо спаліла сваім дыханнем. Шамякін.

4. што. Сапсаваць, моцна перагрэўшы, прывесці ў непрыгоднасць для карыстання. — Я давай праверу, — Кажа Петрусёк, — А то разам з кашай Спалім кацялок. Муравейка.

5. перан.; каго-што. Загубіць (пра моцнае пачуццё, каханне). Развітальная хвіля найгоршая, яна можа і сэрца спаліць. Дубоўка.

•••

Спаліць масты (за сабой) — зрабіць немагчымым вяртанне да мінулага, парваць з ім.

Спаліць свае караблі — рашуча парваць з мінулым.