Тлумачальны слоўнік беларускай мовы (1977-84, правапіс да 2008 г.)

ПрадмоваСкарачэнніКніга ў PDF/DjVu

спакусі́цца, ‑кушуся, ‑кусішся, ‑кусіцца; зак.

1. на што, чым і без дап. Быць прывабленым чым‑н. спакуслівым. — Фёдар Арцёмавіч, нам трэба мяняць замок у склепе, а то нехта спакусіўся на мае агуркі і капусту, — сказаў Грушка пры сустрэчы. Пестрак. [Віцюк:] — Ды от жа, каб яму спрахнуць, спакусіўся ўчора бочкавым півам. Васілёнак.

2. з інф. і без дап. Схіліцца на якое‑н. дзеянне, справу, не ўстаяць перад якім‑н. жаданнем, спакусай. Цяпер на дварэ стаяў кастрычнік, але было цёпла, і заўзятыя старыя мясцовыя рыбакі маглі спакусіцца і выйсці на рыбалку. Шашкоў. А ў гэтай справе [красці] так: спакусіўся раз, не ўтрымаешся другі. Пальчэўскі.

спакусі́ць, ‑кушу, ‑кусіш, ‑кусіць; зак., каго.

1. Прывабіць (чым‑н. прынадным, прыемным і пад.). У свой час .. [Сяргей] думаў Міхася лодкай спакусіць. Шыцік. Кожны прадавец імкнуўся як мага вышэй падняць сваю клетку або жэрдачку, на якой сядзела птушка, каб спакусіць багатых пакупнікоў. Арабей. // Адыграць ролю спакусы, захапіць. Хлопцаў спакусіла рэчка: яны адразу ж парушылі строй, рвануліся да берага. Якімовіч. А можа цябе спакусілі прыгожыя сукенкі і жакеты выпешчаных купецкіх і памешчыцкіх дачок і ты адважыўся прыняць нават іх веру? Паслядовіч. Спакусіў Цабенку ячмень, які спатрэбіўся яму для фермы. Шашкоў. // Прывабіць сваёй прыгажосцю; выклікаць сімпатыю да сябе. Але мяне іншае цікавіць. Раскажы, з кім ты меў спатканне. Што за прыгажуня такая спакусіла цябе? Хто яна, саперніца мая? Машара. Можна сказаць, што.. [Тамара] паставіла сабе за жыццёвую мэту: спакусіць яго, зрабіць палюбоўнікам. Шамякін.

2. Падгаварыць, падбіць на што‑н. нядобрае. І што яшчэ горш, спакусіў на благі ўчынак і легкадумнага таварыша свайго — Барадатага. Лынькоў. Прыйшоў і Пецька, які спакусіў Мішу лавіць сн[е]гіроў. Якімовіч.

3. Пяшчотамі, абяцанкамі дабіцца ад жанчыны (дзяўчыны) інтымнай блізкасці. «Магіла льва» — чуллівая гісторыя разбітага кахання асілка — юнага Машэкі да красуні дзяўчыны Наталькі, якую прывабіў і спакусіў пан. Шынклер.

спаку́сліва,

1. Прысл. да спакуслівы.

2. безас. у знач. вык. Пра спакуслівасць, прывабнасць якога‑н. дзеяння, учынку. Было вельмі спакусліва зазірнуць у магчымую будучыню роднай Сонечнай сістэмы. Шыцік.

спаку́слівасць, ‑і, ж.

Уласцівасць спакуслівага.

спаку́слівы, ‑ая, ‑ае.

1. Здольны спакусіць (у 1 знач.); прынадны, прывабны. Поезд выкідваў групы сялян і дачнікаў, якія вярталіся з горада, абвешаныя рознымі клункамі, кайстрамі і гірляндамі спакуслівых абаранкаў. Рамановіч. Бывае, з’явіцца спакуслівая думка, падхопіць, закруціць і панясе цябе, як вецер жменю снегу, а потым знікне. Пташнікаў. Я загадзя чую спакуслівы пах падсмажаных скварак. Скрыган. // Які выклікае жаданне браць прыклад; гарэзлівы. Дзяўчаты аж чырванелі ад натугі, каб як-небудзь стрымацца ды не кінуцца ў гэты спакуслівы рогат. Лынькоў. І раптам недарэчны здарыўся з ім [Агафонам] «пералом» — Спакуслівай паддаўся модзе: Па сцэну ён Цяпер выходзіць І не пяе ўжо, а бл[я]е, што баран, Шалёна лямантуе. Валасевіч. // Які ўзбуджае пачуццёвую цягу. [Лёдзя] пачала сніцца — спакуслівая і недасяжная. Карпаў. [Макар] падыходзіць, абнімае .. [Еву] і моцна цалуе ў спакуслівыя пун[с]овыя вусны. Асіпенка.

2. Прагны да чаго‑н. Сярод жанчын была Базыліха — дужа спакуслівая на навіны старая. Савіцкі.

3. Які абуджае грэшныя думкі. Яго [Севу] рана пачалі цікавіць і хваляваць дзяўчаты, якія здаваліся яму забароненай і спакуслівай тайнай. Карпаў. // Не зусім сціплы, непрыстойны. Р. Барзава, выканаўца ролі Лары, стараецца ўвесь час прыняць спакуслівыя позы. «Маладосць».

спаку́снік, ‑а, м.

Той, хто спакушае каго‑н. на што‑н. дрэннае; звадыяш. Усе елі дзічкі. Данька, гарэзуючы, даваў Яньцы адну за адной. Дзічак было многа, яны не змяшчаліся ўжо ў дзіцячых далоньках, а пастух, такі спакуснік, даваў яшчэ і яшчэ. Караткевіч. // Той, хто ўступае ў інтымную сувязь, зводзіць жанчын і дзяўчат. Маючы на ўвазе, відавочна, яго колішнюю нясмеласць з Зосяй, аўтар чамусьці схільны лічыць свайго героя хутчэй скромнікам, святошам, чым спакуснікам. Перкін.

спаку́сніца, ‑ы, ж.

Жан. да спакуснік.

спаку́сны, ‑ая, ‑ае.

Які мае адносіны да спакусы, здольны спакусіць.

спаку́таваны, ‑ая, ‑ае.

Змардаваны, змучаны. Яго апраўдаюць усе, што б ні здарылася. Але сам ён [Яраш] не даруе сабе, калі гэта спакутаваная жанчына скончыць сваё жыццё на аперацыйным стале. Шамякін. Рыва пакідае есці і спакутаванымі вачыма глядзіць на старых гаспадароў. Васілевіч.

спаку́тавацца, ‑туюся, ‑туешся, ‑туецца; зак.

Змардавацца, змучыцца. У.. словах Кузьмы Чорнага гаворка ідзе аб канкрэтным чалавеку, селяніне, які спакутаваўся на вайне, які прагне мірнага жыцця і работы. Кучар.